Ці пабачаць сёлета беларусы мора? Куды і за колькі можна паляцець з Беларусі на адпачынак

Пакуль беларусам даступныя 4 авіякірункі – Турэччына, Егіпет, ААЭ і Грузія. Магчымыя пералёты на некаторыя папулярныя курорты праз Стамбул, але гэта дорага і нязручна.

2b9d2ad1_65e8_4b3e_8813_70d154731306_cx0_cy9_cw0_w1023_r1_s.webp

Даведаліся, дзе і за колькі можна адпачыць на моры.
50 тысяч турыстаў вымушаны былі мяняць планы і перарэзерваваць турыЛеташні сезон адпачынкаў быў азмрочаны пандэміяй каронавірусу. Таму сёлета ранняй вясной, як толькі турфірмы пачалі абвяшчаць аб адкрыцці асобных маршрутаў, беларусы пачалі актыўна рэзерваваць туры.
І турысцкі сезон пачаўся даволі рана – першы чартар у Чарнагорыю паляцеў з Менску 30 красавіка. У траўні здарыўся інцыдэнт з самалётам кампаніі Ryanair. Турфірмам тэрмінова давялося шукаць іншыя варыянты для сваіх кліентаў, кажа рэдактарка сайту Рэспубліканскага саюзу турыстычных арганізацый Лілія Кобзік.
«На момант, калі еўрапейская паветраная прастора аказалася закрытай для палётаў нашых перавозчыкаў, на такія кірункі, як Чарнагорыя, Албанія, Грэцыя, Балгарыя, Туніс і Кіпр былі аформленыя блізу 50 тысяч турыстаў. Гэта вялізны аб’ем. Але турфірмы тры тыдні дзень і ноч займаліся пераносамі броняў, і на гэты час амаль усіх турыстаў, хто пажадаў, перасадзілі на іншыя рэйсы. Частка кліентаў задэпанавала свае грошы, некаторыя чакаюць выплат. У тых абставінах, што склаліся, тураператары і «Белавія« дабавілі рэйсаў, палётную праграму значна пашырылі і ў Турэччыну, і ў Грузію. Попыт у цэлым задаволены», – расказала Лілія Кобзік.
Адзін з самых папулярных даступных кірункаў – Турэччына. Цяпер чартары ляцяць праз Расею, таму дарога займае крыху больш часу і пералёт стаў даражэйшы прыкладна на 50 даляраў.
Шмат турыстаў, якія збіраліся адпачываць у іншых краінах, памянялі свае туры на Турэччыну.
Тур на 10 дзён у пяцізоркавым атэлі «ўсё ўключана» на дваіх абыдзецца прыкладна ў 1300 еўра.
На чэрвень усе туры зарэзерваваныя, цяпер ідзе рэзерваванне на ліпень, на больш далёкую перспектыву замоваў няшмат, паведаміла на сайце toursoyuz.by супрацоўніца «АэраБелСэрвісу» Ірына Крайнева.
Трапіць у Турэччыну можна і самастойна рэйсам Менск – Стамбул (штодня ёсць рэйсы «Белавія» і Turkish Airlines), а адтуль дабірацца да марскіх курортаў. Пералёт у чэрвені-ліпені абыдзецца прыкладна ад 900 рублёў у два бакі).
Для адпачынку ў Турэччыне беларусам патрэбен ПЦР-тэст, пасля вяртання з адпачынку належыць 10-дзённая самаізаляцыя.
Запатрабаваным кірункам з'яўляецца Егіпет. Чартары лятаюць у Хургаду і Шарм-эль-Шэйх, прычым ня толькі з Менску, але і з абласных цэнтраў. З прычыны падаўжэння маршруту праз Расею замест Украіны пералёт стаў даражэйшы на 45 даляраў і займае больш часу.
Самыя бюджэтныя варыянты – ад 800 еўра на дваіх. Тур «усё ўключана» з пражываннем у чатырохзоркавым гатэлі абыдзецца ў 1200-1300 даляраў на дваіх.
Для вылету таксама патрэбен ПЦР-тэст. Візу беларусам робяць па прылёце ў аэрапорце за 25 даляраў.
Даступныя па цане варыянты адпачынку для беларусаў ёсць у Грузіі. Дабрацца туды з Менску нескладана – ёсць прамыя рэйсы «Белавія» ў Тбілісі і Батумі. Можна паляцець туды самастойна або купіць тур.
Калі купляць бюджэтны тур, можна ўкласціся прыкладна ў 900-1000 даляраў на дваіх.
Калі ляцець у Батумі самастойна, самы танны квіток, напрыклад на 23 чэрвеня, каштуе 322 рублі.
У Тбілісі таксама можна знайсці квіткі па 332 рублі, а на жнівень-верасень цэны пачынаюцца ад 271 рубля ў адзін бок.
Віза ў Грузію не патрэбна. Неабходны альбо свежы ПЦР-тэст, зроблены не пазней чым за 72 гадзіны, альбо сертыфікат аб вакцынацыі.
Аб’яднаныя Арабскія Эміраты: экзотыка бязь візаў
З пачатку 2021 году беларусы могуць наведваць ААЭ бязь візаў. Краіна нятанная, ды і летам там даволі спякотна.
Турфірмы прапануюць туры на дваіх у Дубай ад 800-900 даляраў за 5 начэй. Больш камфортны і паўнавартасны адпачынак на 10 дзён абыдзецца ў 1600-1800 даляраў.
Можна паляцець і самастойна: самыя танныя квіткі туды-назад на чэрвеньскія і ліпеньскія рэйсы можна знайсці за 1100 рублёў на чалавека.
Чарнагорыя: дабірацца больш за 10 гадзін з перасадкай у Стамбуле
Меркавалася, што ў курортным сезоне 2021 году беларусы змогуць адпачываць у Албаніі і Чарнагорыі.
30 красавіка адбыўся першы чартарны рэйс у Чарнагорыю, у Тыват. З чэрвеня планаваліся чартары з Менску кожны дзень, бязь візаў, тэстаў і карантыну. Але для беларускіх самалётаў закрылася паветраная прастора Украіны і краінаў Еўразвязу.
Беларускія турфімы з 16 чэрвеня прапануюць туры ў Чарнагорыю праз Стамбул. Вылеты 3 разы на тыдзень з авіякампаніяй Turkish Airlines. Увесь пералёт будзе доўжыцца звыш 10 гадзін. У Стамбуле давядзецца чакаць рэйсу на чарнагорскую Падгорыцу 6 гадзін.
Да таго ж трансфер з аэрапорту Падгорыцы на курорт зойме больш за паўтары гадзіны (у адрозненне ад Тывату, куды ехаць 30 хвілін). Пералёт туды і назад абыдзецца ў 550 еўра на чалавека. Пуцёўка на дваіх са сняданкам стартуе ад за 1 200 еўра ў даволі сціплым гатэлі.
Адпачынак у Сочы даражэйшы за турэцкі
Акрамя пералічаных папулярных маршрутаў, прамыя авіяпералёты Беларусь мае з Узбекістанам, Арменіяй і Расеяй, адзначае рэдактарка сайту Рэспубліканскага саюзу турыстычных арганізацый Лілія Кобзік. Але расейскія чарнаморскія курорты пакуль ня вельмі вабяць беларусаў.
«Турфірмы патроху прапаноўваюць адпачынак на курортах Краснадарскага краю – Сочы, Анапа, Адлер, але пра масавы попыт тут гаварыць нельга, таму што кошт адпачынку, напрыклад, у Сочы вышэйшы за кошт адпачынку ў Турэччыне», – сцвярджае экспертка ў сферы турызму.
Што да пералётаў з перасадкамі, праз Стамбул магчымыя шмат якія пералёты, але не сакрэт, што яшчэ не паўсюль, праз каронавірус, беларусы могуць трапіць, працягвае Лілія Кобзік.
«На гэты момант, акрамя Чарнагорыі, ёсць магчымасць адпачыць у Грэцыі з пералётам праз Стамбул. Такія туры, таксама як і пуцёўкі ў Чарнагорыю, прапаноўваюць беларускія турфірмы.
Грэцыя – адна з нямногіх еўрапейскіх краін, якая адкрыла для беларусаў межы, гэта адбылося 14 траўня. Каб пераадолець мяжу, трэба мець адмоўны ПЦР-тэст альбо даведку аб вакцынацыі (падыходзіць таксама «Спутник V«), альбо тэст на антыцелы», – кажа Кобзік.
А для аматараў экзотыкі ёсць і прапановы адпачынку на такіх кірунках, як Мальдывы, Сэйшэлы, Танзанія (Занзібар), Кенія, ПАР, Уганда.
«Усе яны на розных умовах адкрытыя для беларускіх грамадзянаў і даступныя са стыкоўкай у Стамбуле.
Ну і ня будзем забывацца на тое, што, акрамя адпачынку на іншаземных курортах, у нас ёсць Беларусь. Мясцовыя аграсядзібы, гатэлі і санаторыі таксама актыўна рэзервуюцца», – сцвярджае Лілія Кобзік.
Радыё Свабода