Ці трэба змагацца з дзіцячым атлусценнем? Спытайце ў педыятра

Праблема дзіцячага атлусцення — даволі актуальная ў педыятрыі. Прыкладна кожнае дзясятае дзіця ў Беларусі мае лішнюю вагу.

ak_4_logo.jpg


Цукровы дыябет другога тыпу раней быў захворваннем пажылых людзей, цяпер мы сустракаем яго ў дзяцей. Атлусценне ў дзіцячым узросце нясе з сабой рызыкі і іншых небяспечных хвароб, можа прывесці да інвалідызацыі само па сабе, — падкрэслівае доктар Мая Церакулава.

Асноўная прычына атлусцення — лад жыцця. Залішняе спажыванне калорый, недастатковая іх страта. Шмат ежы багатай простымі, “хуткімі” вугляводамі, маларухомы лад жыцця.

Як вызначыць — ці ёсць у дзіцяці лішак масы цела і наколькі ён крытычны? Вонкава не так проста, як у дарослых, у малых пульхныя ножкі і ручкі. А дзіцячыя шчочкі, патрэбныя дзецям, яны палягчаюць жаванне і глытанне. Стандартная формула разліку ІМЦ (індэксу масы цела) дзецям не падыходзіць. Лекары выкарыстоўваюць перцэнтыльныя табліцы, дзе суадносіны росту і вагі наглядна ўкладваюцца ў карціну нормы або паталогіі.

325854594_929248251411620_4668806073245692913_n.jpg

На малюнку сінім колерам адзначаны даныя антрапаметрыі пяцігадовай дзяўчынкі: рост 110 см, вага 19 кг, і тое, і другое злёгку вышэй за норму, але суадносіны гарманічныя, мы так і пішам у карце: «фізічнае развіццё высокае гарманічнае». Норма — гэта сярэднія паказчыкі росту і вагі здаровых дзяцей гэтага ўзросту. На малюнку гэта тоўстая лінія, пяцідзясяты цэнтыль. У прынцыпе ўсё, што знаходзіцца ў межах белага контуру — гэта варыянты нормы, мы толькі глядзім каб адхіленні ў той ці іншы бок былі гарманічнымі. Рост вышэй за норму, як у нашай пяцігадовай дзяўчынкі, так і вага павінен быць злёгку вышэй сярэдніх паказчыкаў.

Фіялетавым колерам пазначаны рост і вага чатырнаццацігадовай дзяўчынкі. 160 сантыметраў, гэта сярэдні паказчык, і 75 кілаграм, вага выйшла за межы белага контуру, паталогія. Гэта фізічнае развіццё сярэдняе дысгарманічнае, атлусценне. Калі б наша чатырнаццацігадовая дзяўчынка засталася ў межах белага контуру, але пры сярэднім росце мела б вагу вышэй сярэдняга, то гэта быў бы лішак масы цела — не дыягназ, але ўжо падстава папрацаваць над ладам жыцця.

Перцэнтыльныя табліцы добрыя нагляднасцю — мы можам убачыць, у які момант вага нашай дзяўчынкі пачала адхіляцца ад нормы, наколькі імкліва гэта адбывалася. Гэта дапаможа ў дыягностыцы шэрагу паталогій, якія суправаджаюцца рэзкім наборам вагі.

Але значна часцей прычынай атлусцення служыць лад жыцця. І лячэнне атлусцення простае — мы ўплываем непасрэдна на прычыну захворвання, на лад жыцця. Адказнасць за лад жыцця маленькіх дзяцей нясуць бацькі, яны павінны сфарміраваць у дзіцяці здаровыя звычкі. Шмат рухацца, харчавацца правільна. Лепш за ўсё гэта рабіць уласным прыкладам.

Разлічвайце, каб ваша штодзённае меню ўключала ў сябе вялікі аб'ём гародніны і садавіны, шмат расліннага бялку, менш павінна быць жывёльных бялкоў — яек, малочных прадуктаў. Рыбу і мяса дастаткова есці раз на тыдзень, а торцікі па святах.

Найбольш шкоды наносяць дзецям салодкія напоі — з імі спажываецца празмерная колькасць цукру. Менавіта цукрам так шкодная кока-кола, а не тым, што яна там растварае іржу. Такую ж колькасць цукру ўтрымліваюць сокі ў скрынках. Так-так, яблычны сок з тэтрапака нічым не лепш за кока-колу. Адзіныя выпадкі, калі я рэкамендую дзецям салодкія напоі — гэта калі яны хварэюць. Пры тэмпературы, калі дзеці губляюць калорыі, але ў іх няма апетыту, дайце салодкі кампот, два літры ў дзень. А дзецям з ванітамі і паносам можна кока-колу, вось такая колькасць цукру.

У цяжкіх выпадках атлусцення Амерыканская асацыяцыя педыятраў рэкамендуе лекавую і хірургічную тэрапію. Рэкамендацыі спрэчныя, бо такая тэрапія мае мноства небяспечных пабочных эфектаў, а барыатрычная хірургія наогул незваротна пазбаўляе чалавека нармальна функцыянуючага страўніка. Але і само па сабе атлусценне можа быць вельмі небяспечным.

Але ёсць і добрыя навіны: даследаванні паказалі, што людзі з лішкам масы цела, якія вядуць актыўны лад жыцця, не маюць рызык захворванняў, звязаных з атлусценнем. Гэта значыць, калі вы танцуеце або плаваеце або шпацыруеце пешшу чатыры гадзіны ў дзень, худнець не абавязкова — вы такім чынам здаровыя.

І яшчэ адна звязаная з атлусценнем праблема: бодышэймінг. Сваё цела трэба любіць. Бацькі павінны пераконваць дзіця адмовіцца ад чыпсаў і цукерак, выкарыстоўваючы аргументы клопату пра сваё цела: “Каб быць здаровым, спрытным і моцным, трэба займацца фізкультурай". Ні ў якім разе нельга казаць “ты тоўстая, ты непрыгожая". Па-першае таму, што тоўстыя людзі цалкам сабе прыгожыя. Па-другое таму, што сорам, нелюбоў да свайго цела яшчэ нікому не дапамаглі.

І калі ў тым, што тычыцца маленькіх дзяцей, іх лад жыцця цалкам адказнасць бацькоў, і ад бацькоў залежыць, як яны арганізуюць побыт і рацыён дзіцяці, то ў тым, што тычыцца падлеткаў, разам з бацькамі павінен працаваць псіхолаг. Анарэксія і булімія — таксама актуальныя пытанні педыятрыі, на жаль. Вельмі важна быць далікатным, не нашкодзіць, спрабуючы вырашыць праблемы залішняй вагі дзіцяці.

cerakulava_1.png