Ці трэба баяцца беларусам помсты тэрарыстаў за саюз з Расіяй? (відэа)
Для арабскага свету не існуе дзяржавы Беларусь, лічыць палітолаг Алесь Лагвінец.
sputnik.by
Егіпецкі Шарм-эш-Шэйх пусцее на вачах: тысячы турыстаў кідаюць свой курортны адпачынак і тэрмінова вяртаюцца дадому. Чаму? Адказ відавочны — усё большая верагоднасць тэракту як прычыны авіякатастрофы 31 кастрычніка, у выніку якой загінулі 224 пасажыры расейскага лайнера.
Між тым цалкам турыстычная плынь у Егіпет з-за страху перад магчымымі новымі атакамі тэрарыстаў не спынілася, у тым ліку, дзякуючы беларусам.
«Баяцца, але ляцяць», – гэтак апісваюць сітуацыю айчынныя тураператары. Паводле афіцыйных дадзеных, толькі каля 2 % беларускіх турыстаў адмаўляюцца ад падарожжа ў Егіпет. Толькі за мінулыя выходныя ў Краіну фараонаў з Менску вылецелі 143 чалавекі. Сталёвыя нервы захоўвае і кампанія «Белавія», якая адзначыла, што працягне чартэрныя рэйсы ў Егіпет у штатным рэжыме.
«На вялікі жаль, яны ўспрымаюць нас як расейцаў. Частка нашых суграмадзянаў прадстаўляе сябе за мяжой як расейцаў. Прыпускаць, што менавіта беларускі самалёт стане мішэнню дзеянняў тэрарыстаў я б не стаў. Тут справа ідзе пра іншыя рэчы, якія завязаныя на глыбокім успрыняцці: калі кажуць Расея – гэта Масква, Санкт-Пецярбург. На Беларусь тут у меншай ступені будуць звяртаць увагу», — сказаў Белсату палітолаг Алесь Лагвінец.