Ціханоўская заклікала ЕС дапамагчы з вакцынацыяй беларусаў ад COVID-19

На яе думку такая вакцынацыя можа быць рэалізаваная праз праграму развіцця ААН.

img_20201111_175754_551.jpg


У Беларусі нібыта пачалася вакцынацыя ад каронавіруса. Першыя на чарзе — медыкі. Беларускія бальніцы у суботу, 16 студзеня, пачалі атрымліваць партыі расійскай вакцыны ад каронавіруса «Спутник V». Таксама паведамляецца аб тым, што прышчапляць збіраюцца і студэнтаў, піша «Камсамольская праўда ў Беларусі».

Аднак вядома, што для гэтых мэтаў атрымана партыя ўсяго ў 170 тысяч доз вакцын, гэта значыць на 85 тысяч чалавек, што проста мізер на фоне іншых еўрапейскіх дзяржаў, дзе вакцынацыя ўжо ідзе напоўніцу.

Беларусам жа кіруючы рэжым нават расійскую вакцыну прапануе пачакаць да красавіка, калі яе пачнуць вырабляць у нашай краіне. Але не шмат хто рызыкне прышчапляцца такой вакцынай. І колькі за гэты час яшчэ памрэ людзей, можна толькі здагадвацца.

У сувязі з крытычнай сітуацыяй, якая склалася ў нашай краіне, Святлана Ціханоўская напісала ліст у Еўракамісію, у якім распавяла пра сітуацыю з COVID-19 у Беларусі.

У лісце сказана, што Лукашэнка ігнараваў рэкамендацыі СААЗ, былі сведчанні, што колькасць смерцяў ад каронавіруса перавышае афіцыйную статыстыку ў 10 разоў. А ў справаздачы ААН заўважаны анамальны пік смяротнасці з красавіка па чэрвень 2020-га. Пры гэтым цяпер ёсць практыка заражаць каронавірусам затрыманых пратэстоўцаў у турмах.

Міністэрства аховы здароўя так і не апублікаваў план вакцынацыі.

У выніку Ціханоўская звярнулася да ЕС з просьбай дапамагчы з кампаніяй па агульнанацыянальнай вакцынацыі ўсіх дарослых у Беларусі. На думку Ціханоўскай, такая вакцынацыя можа быць рэалізаваная праз трэці бок — праграму развіцця ААН.

Ціханоўская заклікала ЕС не даваць сродкі рэжыму Лукашэнкі наўпрост. Важна, каб такая праграма, калі яна будзе рэалізаваная, знаходзілася пад міжнародным кантролем.

Каманда Святланы Ціханоўскай гатовая дапамагчы на ўсіх этапах ініцыятывы.