Чарговы «тэракт»? У Дзяржынску аблава, нібыта знойдзена выбуховая прылада
У «мірнай, стабільнай і квітнеючай» Беларусі тыдня не праходзіць, каб «заходнія
зламыснікі» не паспрабавалі парушыць спакой грамадзян. То ў Мачулішчах сапсуюць
самалёт, то ў Гродна закінуць «тэрарыста» ў парыку. На гэтым тыдні чарга дайшла
да Дзяржынска ў Мінскай вобласці.
Сёння раніцай праваабаронцы паведамілі пра ператрусы і затрыманні ў горадзе. Адзначалася, што няпрошаныя людзі са зброяй пагрукаліся прынамсі да пецярых мясцовых жыхароў.
Здавалася б, што тут такога? Кожны дзень лукашэнкаўскія сілавікі гойсаюць па краіне, шукаюць і круцяць нелаяльных, выяўляюць «спячыя ячэйкі экстрэмістаў». Толькі ў апошнія дні аблавы прайшлі ў Полацку, Мёрах, Ляхавічах, Акцябрскім, Бабруйску ды іншых населеных пунктах.
Аднак, выглядае, што ў Дзяржынску адбываецца нешта асаблівае, калі не сказаць надзвычайнае.
Як паведаміў
мясцовы тэлеграм-чат, нібыта ў пятніцу ўздоўж дарогі ў Дзяржынску нехта вывесіў
сцяжкі. Міліцыя іх паспрабавала зняць, як яна гэта ўмее, але падчас аперацыі
супраць сцяжкоў нібыта было знойдзена выбуховае прыстасаванне. Зразумела, што ў
горад адразу панаехалі характэрныя бусікі.
Як адзначае
мясцовы паблік, ператрусы, меркавана, праводзяць ува ўсіх людзей, хто, па-першае,
у пятніцу праязджаў па той вуліцы — ад раніцы да моманту выяўлення «выбухоўкі»,
па-другое, быў заўважаны ў пратэснай актыўнасці ў 2020 годзе.
«Да каго пойдуць у трэцюю чаргу, незразумела», — паведамляюць аўтары допісу.
Таксама
паведамляецца, што ператрусы прайшлі ўжо ў дзясяткаў мясцовых жыхароў. Вядома пра як найменей тры затрыманні. Што шукааюць сілавікі і за што хапаюць людзей,
невядома.
Што да сцяжкоў,
то развешаны былі нібыта не толькі бел-чырвона-белыя, але і ўкраінскія і
чамусьці «Правага Сектара».
Дзяржынск — невялікі раённы цэнтр непадалёк ад Мінска. У горадзе пражываюць 25 тысяч
жыхароў.