Да дня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій
На працягу тыдня прыгадваем чорныя старонкі гісторыі Беларусі. Сёлета — 80-годдзе Вялікага тэрору. Аднак і праз праз 80 гадоў сучасная ўлада баіцца пра гэта казаць і не адчыняе архівы.
26 кастрычніка на сядзібе БНФ пройдзе мерапрыемства, прысвечанае чорным старонкам гісторыі Беларусі — 80-годдзю Вялікага тэрору. Чакаем а 16-00 –19-00.
Памятнае мерапрыемства будзе складацца з трох частак:
1. "Злачынствы савецкай улады ў БССР (1937–1938 г.г.)
Выступоўца — вядомы беларускі гісторык, даследчык часоў сталінскіх рэпрэсій Ігар Кузняцоў.
2. "Голас памяці"
Сваімі ўспамінамі пра жахлівыя гады савецкага тэрору падзеляцца тыя, чые бацькі , родныя, сталі ахвярамі сталіністаў, прайшлі праз страшныя пакуты і выпрабаванні — "дзеці ГУЛАГУ" Зінаіда Антонаўна Тарасевіч, Уладзімір Іванавіч Раманоўскі.
Запрашаем далучыцца да "Голасу памяці" ўсіх, хто хоча распавесці пра сваіх пацярпелых родных.
3. Праглядфільма "Курапаты — шлях сумлення". Аўтары фільма Галіна і Уладзімір Самойлавы.
Запрашаем да ўдзелу.
Мерапрыемствы аргкамітэта ГАА “Вяртанне Памяці” да Дня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій у Беларусі, — 29.10.2017.
Набліжаецца чорная дата ў гісторыі нашай краіны — Дзень Памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій, — 29 кастрычніка.
2017 год — гэта яшчэ і 80-годдзе Вялікага тэрору, перыяд, які вядомы беларускі даследчык сталінскіх рэпрэсій Леанід Маракоў назваў Крывавым Тунелем Смерці. Не было ніводнага закуточку ў СССР, куды б не зазірнула Смерць у выглядзе супрацоўнікаў НКВД.
Непавінных людзей катавалі, забівалі тысячамі, планава і мэтанакіравана, выконваючы прыказ наркома ўнутраных спраў № 00447. Дзясяткі, а магчыма і сотні тысяч ахвяраў савецкага тэрору ляжаць у магільніках. У Курапатах, у Лошыцах, у парку Чалюскінцаў, у Трасцянцы, Цівалі...
Мы не ведаем, хто дзе дакладна быў расстраляны, сучасная ўлада баіцца пра гэта казаць і праз 80 гадоў, не адчыняе архівы.
Аргкамітэт ГАА "Вяртанне памяці"( За ўратаванне мемарыяла Курапаты") заклікае беларусаў прыйсці 29.10.2017 у Курапаты і разам ушанаваць памяць ахвяраў палітычных рэпрэсій.
12-00 — 16-00. Курапаты. Галогофа. Зачытаем прозвішчы ахвяраў расстраляных сталіністамі ў сутарэннях менскай турмы (вядома дакладна крыху больш за 5 тысяч прозвішчаў).
16-00 — 17-00 — каля Крыжа Памяці палітвязняў, расстраляных у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, зачытаем прозвішчы пакутнікаў гэтай страшнай ночы. Распавядзём пра трагічныя старонкі нашай гісторыі.
17-00— 18-00 Крыж Пакуты — Малітва за ахвяраў тэрору савецкай улады, малітва за Беларусь.
17-00 — 20-00 запальваем Зоркавы Шлях Памяці. Разам зладзім стаўшую ўжо традыцыйнай за апошнія гады ў Курапатах акцыю — запалім сотні знічак нашай Памяці.