Да Статкевіча трэція суткі не пускаюць адваката

Марына Адамовіч лічыць, што адміністрацыя ЦІП наўмысна парушае права Мікалая Статкевіча на абарону, і таму просіць генеральнага пракурора правесці праверку.

marina_logo_1.jpg

Жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч накіравала скаргу на імя генпракурора РБ з нагоды таго, што да яе мужа, які адбывае 15-суткавы арышт у ЦІП, ужо трэція суткі не пускаюць адваката.

Паводле Марыны Адамовіч, да Статкевіча не пускаюць адваката па розных надуманых прычынах.

Напрыклад, 26 верасня адвакату паведамілі, што ўсе пакоі для сустрэчы з арыштаванымі занятыя, няма магчымасці іх вызваліць. Пры гэтым адвакат палітыка быў першым, хто з’явіўся раніцай на сустрэчу з арыштаваным, а на працягу дня на тэрыторыю ЦІП шмат разоў бесперашкодна праходзілі прадстаўнікі следчых органаў, адвакаты, аператыўныя супрацоўнікі і іншыя асобы.

27 верасня супрацоўнікі ЦІП наўпрост сказалі адвакату, каб ён нават не спрабаваў трапіць, бо ўсё роўна не атрымаецца.

Таксама ў сваёй скарзе Марына Адамовіч адзначае, што права на абарону яе мужа было парушана і падчас судовага працэсу 26 верасня, калі Статкевіча завочна судзілі за ўдзел у акцыі 8 верасня і ў выніку далі яшчэ 5 сутак арышту. Паседжанне адбывалася без яго ўдзелу, бо палітык не быў дастаўлены з ЦІП у суд і, адпаведна, не мог ажыццяўляць сваю абарону.

mikola_4_logo_1.jpg

Дадзеныя факты сведчаць аб грубым парушэнні права Мікалая Статкевіча на абарону. Марына Адамовіч лічыць, што адміністрацыя ЦІП робіць гэта наўмысна і таму просіць генеральнага пракурора правесці праверку па факце парушэння законнасці і права Статкевіча на абарону з боку службовых асобаў ЦІП і ў выпадку ўстанаўлення такіх фактаў прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

Нагадаем, Мікола Статкевіч быў затрыманы 22 верасня пасля паседжання Рады БНК і адпраўлены ў ЦІП на вул. Акрэсціна адбываць 15-суткавы арышт за ўдзел у акцыі 3 ліпеня. Да таго моманту Статкевіч прабыў на волі тры тыдні: 31 жніўня ён быў вызвалены пасьля 5 сутак арышту за парушэнне, якое ён нібыта ўчыніў яшчэ на акцыі 30 сакавіка. Тады Мікалай Статкевіч на выхадзе з ЦІП сустракаў паплечнікаў, якія адбывалі арышты пасля Дня Волі, і разгарнуў там бел-чырвона-белы сцяг, што, хутчэй за ўсё, праваахоўныя органы і расцанілі як несанкцыянаваны сход.

 spring96.org