Дар'я Домрачава выйграла "Гонку чэмпіёнаў" у Цюмені
У Цюмені на стадыёне "Геолаг" адбылася "Гонка чэмпіёнаў" з масавага старту, перамогу ў якой атрымала трохразовая алімпійская чэмпіёнка, уладальніца Вялікага крыштальнага глобуса сезона–2015 Дар'я Домрачава. Другое месца заваявала яшчэ адна прадстаўніца Беларусі Надзея Скардзіна, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Домрачава па ходзе дыстанцыі дапусціла толькі адзін промах і фінішавала першай з вынікам 15 хвілін 59,2 секунды. На 5,5 секунды ад пераможцы адстала Надзея Скардзіна. Замкнула тройку прызёраў у "Гонцы чэмпіёнаў" італьянка Карын Аберхофер. Галоўная саперніца Домрачавай у праведзеным Кубку свету фінка Кайса Мякярайнен стала чацвёртай.
"Мас-старт на "Гонцы чэмпіёнаў" выйграла ўпершыню. Вельмі падабаецца ў Цюмені. Работа вядучых падахвочвае, удзельнікі адчуваюць гэту падтрымку. Калі год таму "Гонка
чэмпіёнаў" праводзілася ў Маскве ў закрытым памяшканні спартыўнага комплексу "Алімпійскі", то тут, у Цюмені, больш складана на стрэльбішчы, акрамя саперніц даводзіцца змагацца
і з ветрам", — заявіла пасля цырымоніі ўзнагароджання Дар'я Домрачава.
Домрачава пасля перамогі ў мас-старце атрымала права першай выбіраць сабе партнёра на змешаную гонку, што адбылася ў той жа дзень. Домрачава бегла эстафету з нарвежцам Оле Эйнарам
Б’ёрндаленам. Яны сталі чацвёртымі. Перамогу ў міксце атрымлі расіяне Кацярына Юрлова і Антон Шыпулін. Другое месца дасталася расіянцы Дар’і Віралайнен і
французу Сімону Фуркаду, трэцяе — славенскай пары, Тэі Грэгарын і Якаву Факу.