Для беларускіх чыноўнікаў стварылі асобны мэсэнджар Depesha

У Беларусі распрацаваны мабільны месэнджар «высокага ўзроўню бяспекі», прызначаны ў першую чаргу для чыноўнікаў і супрацоўнікаў дзяржпрадпрыемстваў, паведамляе кампанія beCloud.

755024816690045.jpg


Дадатак называецца Depesha. Магчымасць яго выкарыстання прадастаўлена абанентам МТС, А1 і life:).

Падкрэсліваецца, што дадатак — цалкам беларуская распрацоўка, яго серверы размяшчаюцца ў Рэспубліканскім цэнтры апрацоўкі дадзеных beСloud, выконваюцца ўсе заканадаўчыя патрабаванні аб абароне інфармацыі.

Функцыі месэнджара стандартныя: тэкставыя, галасавыя паведамленні, аўдыёзванкі, групавыя чаты, перадача фота і відэа.

Сцвярджаецца, што ўся камунікацыя паміж карыстальнікамі абаронена ад уздзеяння старонніх, паведамленні захоўваюцца не на серверах, а толькі на тэлефонах карыстальнікаў, таксама прыкладанне можна абараніць пін-кодам, ёсць функцыя абвесткі аб выкарыстанні суразмоўцам гучнай сувязі або запісу экрана і гэтак далей.

«У цяперашні час карыстанне камунікатарам Depesha даступна для юрыдычных асоб і дзяржаўных арганізацый, якія з'яўляюцца абанентамі мабільных аператараў», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Залагініцца ў месэнджар можна будзе толькі з дапамогай лагіна і пароля, якія карыстальнік атрымае ад МТС, А1 або life:) праз смс. Падтрымка карыстальнікаў таксама будзе ажыццяўляцца праз кантакт-цэнтры мабільных аператараў.

Дадатак працуе на Android (ад 7-й версіі) і на iOS (ад 13-й версіі). У прэс-рэлізе падкрэсліваецца, што спампоўваць яго трэба толькі праз афіцыйныя крамы Google і Apple, а не праз спасылкі для запампоўкі.

Мяркуючы па інфармацыі ў Google Play, дадатак быў распрацаваны беларускай IT-кампаніяй Fox3. На сайце кампаніі пазначана, што яна займаецца стварэннем праграм для бізнесу, падтрымкай стартапаў, бізнес-аналітыкаў і правядзеннем курсаў па кібербяспецы. У раздзеле «Прадукты» на сайце паказаная толькі адна распрацоўка — дадатак Depesha. Пасведчанне аб рэгістрацыі праграмы было атрымана яшчэ ў траўні 2021 года.

Прыкладанне ў Google Play спампавалі менш за тысячу чалавек, у яго ёсць пара дзясяткаў водгукаў, у асноўным пакінутых з лістапада 2021 года, але адказваць на іх прадстаўнікі кампаніі пачалі толькі 4 красавіка.