Два гады «хіміі» — за тое, што трымаў музычную калонку на акцыі 9 жніўня

У судзе Маладзечанскага раёна 22 лютага быў вынесены прысуд па крымінальнай справе мясцовага жыхара Віктара Таўгеня паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса за ўдзел у акцыі пратэсту 9 жніўня ў горадзе. Суддзя Іна Каханоўская прысудзіла Віктару два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»). Менавіта такое пакаранне запрасіў падчас спрэчак пракурор.

tavgen_2.jpg


Віктара Таўгеня абвінавацілі ў тым, што ўвечары 9 жніўня ён груба парушаў грамадскі парадак, а менавіта «махаў рукамі, уключаў гучна музыку на магнітафоне, ствараў штучнае асвятленне ліхтарыкам». Гэтыя дзеянні былі кваліфікаваныя па арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Да суда Таўгень знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе. За ўдзел у той жа акцыі ён ужо адбыў адміністрацыйны арышт з 12 па 16 жніўня па арт. 23.34 КаАП.
Падчас свайго допыту на першым пасяджэнні Таўгень сваёй віны не прызнаў, бо не лічыў, што сваімі дзеяннямі ён парушаў грамадскі парадак. Заўваг як з боку міліцыі, так і з боку грамадзян у той дзень ён не атрымліваў. На думку адваката мужчыны, падчас судовага разбіральніцтва не было агучана аніводнага доказу віны абвінавачанага.
spring96.org