16-гадовага Мікіту Залатарова пакаралі 5 гадамі калоніі за «масавыя беспарадкі»
22 лютага суддзя Дзмітрый Дэбой вынес прысуд у крымінальнай справе за «масавыя беспарадкі». 16-гадовы Мікіта Залатароў пакараны 5 гадамі выхаваўчай калоніі, перадае «Радыё Свабода».
25-гадовы Дзмітрый Карнееў пазбаўлены волі на 8 гадоў. 28-гадовы Леанід Кавалёў пакараны 6 гадамі калоніі.
Іх усіх апраўдалі па арт. 364 Крымінальнага кодэкса («Гвалт над міліцыяй»).
Пасля прысуду ў Мікіты Залатарова пачалася істэрыка. Ён кідаўся на краты і крычаў: «Выпусціце мяне адсюль!»
Справу разглядаў суд Чыгуначнага раёна. Пракурор Яўген Фартушняк прасіў для абвінавачаных: Залатарову — 6 гадоў, Кавалёву — 7 гадоў, Карнееву — 8 гадоў калоніі.
Жыхароў Гомеля, раёна і Добруша вінавацілі ў масавых беспарадках, гвалце над міліцыяй, незаконных дзеяннях з гаручымі рэчывамі («кактэйлі Молатава»), а Леаніда Кавалёва — яшчэ і ва «ўцягванні непаўналетняга ў супрацьпраўныя паводзіны». Усе трое, паводле слоў пракурора, адрэагавалі на заклікі з Telegram-каналаў і таму ўзялі ўдзел у «масавых беспарадках», якія суправаджаліся «пагромамі, падпаламі, узброеным супрацівам прадстаўнікам улады».
Дзяржаўны абвінаваўца зазначыў, што Кавалёў спрабаваў «наўмысна правесці відэазапіс», каб потым размясціць яго ў інтэрнэце з «мэтай прапаганды злачыннай дзейнасці». Абвінавачаныя «дзейнічалі сумесна і ўзгоднена і зрабілі пагрозу гвалту над супрацоўнікамі міліцыі праз помсту за выкананне службовай дзейнасці».
16-гадовы Мікіта Залатароў хварэе на эпілепсію. Яго бацька расказваў журналістам, што Мікіту білі ў міліцыі і СІЗА. На гэта адвакат падаваў скаргу, але органы не знайшлі складу злачынства. Мікіта заявіў на судзе, што яго білі не толькі ў жніўні, але і 29 снежня ў гомельскім СІЗА. Таксама падлетак заявіў на судзе, што яму ў СІЗА не даюць таблетак. «Канваір сказаў: "Ты палітычны, здохнеш"», — сказаў непаўналетні.
Адвакаты ў сваіх выступах зазначалі, што ў дзеяннях іх падабаронных няма складу злачынства паводле арт. 293 Крымінальнага кодэксу, дзе масавыя беспарадкі звязаныя з «пагромамі, падпаламі, наўмысным знішчэннем маёмасці, узброеным супрацівам».