Два райвыканкамы прызналі вінаватымі ў неабгрунтаваным прызыве ў войска

Талачынскі і Віцебскі райвыканкамы сталі адказнікамі ў судовых працэсах аб неабгрунтаваным прызыве на тэрміновую службу ў войска. Эканамічны суд Віцебскай вобласці пастанавіў спагнаць з мясцовых уладаў болей за 3 тысячы рублёў за нанесеную шкоду, паведамляе Еўрарадыё са спасылкай на БЕЛТА.

Ілюстратыўнае фота vk.com

Ілюстратыўнае фота vk.com

З пазовамі ў суд звярнуліся вайсковыя часткі, якія дыслакуюцца ў Мінскай вобласці. У абодвух выпадках туды прыбылі навабранцы з Талачынскага і Віцебскага раёна, якія падчас праходжання службы падалі скаргі на стан здароўя. Пасля абследавання камісія прызнала іх непрыдатнымі для службы ў войску і маладых людзей звольнікі ў запас у сувязі з хваробай.
Паводле заключэння Цэнтральнай ваенна-ўрачэбнай камісіі Узброеных Сілаў прычынай неабгрунтаванага прызыву на тэрміновую службу стала невыкананне вызначаных методык абследавання. У адным выпадку гэта дапусціў лекар-стаматолаг, які аглядаў прызыўніка, а далей яго калегі павярхоўна вывучылі медыцынскую дакументацыю і не прынялі пад увагу звесткі пра стан здароўя хлопца. У другім выпадку памылку зрабілі лекары-хірургі.
Памер стратаў, вызначаны судом, уключае выдаткі на выплату грашовага ўтрымання, забеспячэнне рэчавай маёмасць і харчаваннем прызыўнікоў. Рашэнні суда не абскарджваліся і набылі законную моц.