Двух анархістаў асудзілі за спалены ў Івацэвічах білборд
Суд Івацэвіцкага раёна вынес прысуд двум анархістам, якія падпалілі рэкламны шчыт з выявай судовага выканаўцы і надпісам «Сіла закона — у яго выкананні», піша «СБ. Беларусь сегодня».
![фота 1reg.by фота 1reg.by](/img/v1/images/anarchi_0902.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
фота 1reg.by
Здарэнне адбылося летам 2017 года ў Івацэвічах. Маладыя людзі знялі свае дзеянні на відэа і размясцілі яго у інтэрнэце пад назвай «Івацэвічы. Акцыя супраць міліцыі».
Следства выявіла, што дзейнічалі тры хлопцы — 21, 19 і 17 гадоў. Дома яны напоўнілі шкляныя колбы ад электрычных лямпачак гаручым рэчывам і зрабілі ў іх запалы. У ноч на 28 ліпеня два з іх кінулі гэтыя прадметы ў рэкламны шчыт, а трэці здымаў усё на відэа. Адзін з хлопцаў падчас папярэдняга расследавання ўцёк, ён абвешчаны вышук.
Два іншыя абвінавачаныя, як кажуць у Генеральнай пракуратуры, цалкам прызналі сваю віну і чыстасардэчна раскаяліся. Суд прызнаў іх вінаватымі ў асабліва злосным хуліганстве і наўмысным знішчэнні альбо пашкоджанні маёмасці. Суд прызначыў хлопцам па тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.