Дырэктару дома культуры ў Ахова далі яшчэ 15 сутак за непадпарадкаванне патрабаванню службовай асобы

Суд Пінскага раёна прызначыў дырэктару дома культуры ў Ахова Аляксандру Дземчуку другія 15 сутак па артыкуле аб непадпарадкаванні патрабаванню службовай асобы (24.3 КаАП).

Аляксандр Дзямчук

Аляксандр Дзямчук

23 снежня Дземчука арыштавалі на 15 сутак па тым жа артыкуле — 22 снежня ён залез на дрэва ў спробе перашкодзіць камунальнікам ссякаць векавыя дубы.
22 снежня супрацоўнікі камунальных службаў прыехалі да вясковых могілак у аграгарадку Ахова Пінскага раёна Брэсцкай вобласці, каб ссекчы векавыя дубы, пісала «Медыя-Палессе». Абараніць дрэвы спрабавалі мясцовыя пенсіянеркі — яны сустрэлі працоўных ля могілак, а пазней засталіся стаяць побач з дубамі ў знак пратэсту.
Неўзабаве да могілак прыбылі супрацоўнікі АМАПа, а дырэктар сельскага клуба, «зняверыўшыся выратаваць векавыя дрэвы шляхам звароту ў органы ўлады і навуковыя ўстановы, узлез на адно з іх». Пасля гэтага Дземчука затрымалі, ноч ён правёў у Пінскім РАУСе.
mediazona.by