Дзень народзінаў за кратамі

У першы дзень лета адразу некалькі палітвязняў адзначылі за кратамі дзень народзінаў.

mycollages__22_.jpg


23 гады споўнілася Марыі Віктараўне Каленік — студэнтцы Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Была затрымана 12 лістапада ў межах крымінальнай справы па ч. 1 арт. 342 КК РБ. У кватэры, у якой жыве дзяўчына, прайшоў ператрус.
Адрас для лістоў: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2.
Таксама 23-годдзе адзначаў Ягор Храменя, які да заключэння пад варту працаваў на ААТ «Белшына» электрагазазваршчыкам, займаўся адзінаборствамі. Перамагаў на Адкрытым кубку Беларусі па MMA (змяшаныя баявыя майстэрствы).
Ягора абвінавацілі ў тым, што ўвечары 9 жніўня ён «здзейсніў гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў у мэтах перашкодзіць яго законнай дзейнасці». Гаворка ідзе пра ўдары ў галаву і распыленне пярцовага балончыка «Шок», якое прывяло да апёку сятчаткі вок
13 лістапада Ягора прысудзілі да 2 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму з выплатай маральнай шкоды ў памеры 1 000 рублёў.
Адбываць пакаранне хлопца накіравалі ў Папраўчую калонію №3 («Віцьба»), атрад №2.
30-годдзе адзначае Сяргей Сяргеевіч Яфімаў — жыхар Гомеля, асуджаны на 3 гады калоніі па артыкуле 364 КК.
Згодна з абвінавачваннем, у Гомелі ўвечары 9 жніўня ў раёне сквера Кірылы Тураўскага ён падбег да супрацоўніка АМАПа, распыліў пярцовы газ яму ў твар з газавага балончыка і ўдарыў яго ў галаву. На дапамогу міліцыянту падбеглі двое калег і спрабавалі затрымаць нападніка, той спрабаваў вырвацца, распыляў газ і нанёс аднаму з супрацоўнікаў «не менш за дзевяць удараў у вобласць галавы і тулава». Доказам у судзе з’явіліся паказанні пацярпелых міліцыянтаў, а таксама відэа, знятае камерамі відэаназірання на плошчы Леніна ў Гомелі.
На судзе Сяргей распавёў, што нападаць на міліцыянтаў у той вечар не збіраўся, але спалохаўся, што пачнуцца затрыманні, расхваляваўся, стаў уцякаць, а калі наткнуўся на амапаўцаў, дастаў балончык і распыліў.
Адрас для лістоў: ПК №17. 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8.