«Распранаюць перад кожнай сустрэчай з адвакатам». Ігар Лосік за кратамі 341 дзень

Ігар Лосік знаходзіцца за кратамі з 25 чэрвеня 2020 года — 341 дзень. Палітвязень ужо азнаёміўся з матэрыяламі абвінавачвання, яго перавялі ў СІЗА Гомеля, дзе неўзабаве павінен пачацца судовы працэс. Апошнія навіны ад Ігара Свабодзе расказала яго жонка Дар’я, якая ў аўторак 1 чэрвеня адвезла мужу перадачу.

Дар'я Лосік з дачкой ля партрэту Ігара. Калаж Свабоды

Дар'я Лосік з дачкой ля партрэту Ігара. Калаж Свабоды


«Пакуль у Ігара нічога новага, — кажа Дар’я Лосік. — Адзінае, ён абураецца моцна, бо яго кожны раз даглядаюць перад тым, як адвесці на сустрэчу з адвакатам. Распранаюць цалкам. Тое самае было і перад спатканнем са мной. Распранаюць кожны раз, правяраюць запісы ў нататніку. Ігар таксама шмат заяваў пісаў, прасіў прадставіць яму тэлевізар у камеру. Але тэлевізара так і няма. Усе яго газеты засталіся ў Жодзіне на складзе. Яму сказалі, што там знаходзіцца інфармацыя, якую яму нельга ведаць. Але там жа толькі газеты з іх каталогу, што тады можна ведаць?»
Па словах Дар’і Лосік, ні дата пачатку працэсу, ні тое, дзе ён будзе праходзіць і ў якой форме, невядомыя. «Нам ужо хацелася б ведаць самім, арганізоўвацца паступова, — гаворыць Дар’я Лосік. — Я планую знаходзіцца ў Гомелі, пакуль будзе ісці суд. Але нам нічога ніхто не гаворыць, ніводнага слова. Лісты ў Гомель, праўда, ідуць даволі нядрэнна. Ігар прасіў усіх пісаць яму, ён будзе адказваць кожнаму. Калі ў Жодзіне лісты прыходзілася чакаць па 2-3 тыдні, то ў Гомелі гэта 1-2 дні. Я з Гомелю ад Ігара ўжо атрымала таксама ліст».
Напісаць Ігару можна па адрасе: СІЗА-3. 246003, Гомель, вуліца Кніжная, 1А.
Акрамя Лосіка, на працэсе па яго справе сярод абвінавачаных будуць Сяргей Ціханоўскі, Мікола Статкевіч і іншыя палітвязні.