Дзмітрый Кучук: Эскалацыя крызісу з мігрантамі можа стаць небяспечнай для Беларусі
Эскалацыя крызісу з мігрантамі можа быць небяспечнай не толькі для Літвы, але і для Беларусі. Літва абвінавачвае ўлады Беларусі ў гібрыднай вайне і робіць сваю пазіцыю больш жорсткай, пачынаючы не прапускаць уцекачоў на сваю тэрыторыю.
І можа здарыцца, што якраз Беларусь сутыкнецца з праблемай, якую рыхтавала для Літвы: што рабіць з мігрантамі?
Сітуацыю абвастрыў і выпадак смерці аднаго з уцекачоў на мяжы, але з беларускага боку. Афіцыйныя ўлады спяшаюцца абвінаваціць у гэтым літоўскіх памежнікаў. Літва абвяргае.
Кіраўнік беларускай партыі “Зялёныя” Дзмітрый Кучук лічыць, што для прадухілення маштабнага крызісу як мінімум трэба вярнуцца да супрацы памежных службаў краінаў:
— Сапраўды, праблема будзе ўсё больш і больш павялічвацца. І тут патрэбны нейкі дыялог як з літоўскага боку паміж памежнікамі, так, адпаведна, беларусы таксама мусяць не толькі суправаджаць мігрантаў да мяжы, як гэта робяць зараз, а ўсё ж такі гэтую праблему вырашаць. І не перакладваць адзін на аднаго. Еўразвяз, міжнародная супольнасць, канешне ж, будуць рэагаваць на гэтую праблему. І яна сапраўды становіцца на павестцы дня міжнароднай. І Беларусь, і Лукашэнка, усё больш і больш паглыбляюцца ў такую цемру ўсіх гэтых праблем.
Сама ўлада Беларусі
на чале з Лукашэнкам стварае гэтыя праблемы ўжо не толькі для Беларусі, але і
для суседніх краінаў. А калі прыгадаць нядаўнія выказванні Лукашэнкі, што
пакрыўджаныя мігранты “рвуцца сюды са зброяй”, то становіцца трывожна, як
бы гэтая небяспечная авантурыстычная палітыка ўладаў Беларусі не
скончылася вельмі кепска, — лічыць Кучук.