Што не так з афіцыйнай версіяй магчымай гібелі грамадзяніна Ірака на беларуска-літоўскай мяжы

Следчы камітэт Беларусі ўжо заяўляе пра забойства, хоць афіцыйных вынікаў праверкі пакуль няма.

adc47376_6e68_499e_a136_9acd6e7489e0_w1023_r1_s.jpg


Радыё Свабода сабрала пытанні, якія ўзнікаюць праз суткі пасля афіцыйнага паведамлення пра смерць мігранта.

Раніцай 4 жніўня ананімныя тэлеграм-каналы, набліжаныя да беларускіх уладаў, паведамілі пра смерць грамадзяніна Ірака непадалёк ад беларуска-літоўскай мяжы. Неўзабаве навіну пра гэта перапосцілі адтуль і афіцыйныя СМІ, у тым ліку інфармацыйнае агенцтва БелТА.

Афіцыйныя заявы Памежнага камітэту і СК з’явіліся толькі праз некалькі гадзін, а ў вечаровых выпусках навінаў паказалі нібыта цела загінулага мігранта (вызначыўся тэлеканал АНТ).

Але ў гэтай гісторыі ёсць шэраг пытанняў, на якія трэба адказаць.

1. Чаму першымі пра імаверную смерць мігранта паведамілі тэлеграм-каналы, а не афіцыйныя структуры?

Першае паведамленне пра магчымую смерць чалавека на беларуска-літоўскай мяжы з’явілася 4 жніўня ў 10.14 у набліжаным да прэс-службы Лукашэнкі тэлеграм-канале «Пул Первого».

У паведамленні наўпрост сцвярджалася, што смерць чалавека наступіла ў выніку забойства, а сам ён пры гэтым з’яўляўся грамадзянінам Ірака і «вяртаўся з Літвы». Чым кіраваліся аўтары нататкі, робячы такія высновы, незразумела.

«Пул Первого» першым робіць гучныя інфармацыйныя ўкіды не першы раз. Менавіта ў гэтым канале з’явілася першае паведамленне пра разварот самалёта Ryanair над тэрыторыяй Беларусі. Тады канал сцвярджаў, што «Беларусь ратуе Еўропу» ад замінаванага лайнера, а каманду на перахоп рэйсу даў непасрэдна Лукашэнка.

opera_snimok_2021_05_23_193954_t.me_logo_1.png


Інфармацыя пра нібыта гібель чалавека на мяжы ў афіцыйных СМІ з’явілася пазней. Першым было інфармагенцтва БелТА, якое ў 10.17 апублікавала навіну са спасылкай на той жа «Пул Первого», не дадаючы новых крыніц. Падрабязнасці здарэння са спасылкай на Памежны камітэт агенцтва апублікавала толькі праз дзве гадзіны. Там ужо не было згадак ні пра забойства, ні пра тое, што мігрант ішоў у Беларусь з Літвы.

Газета адміністрацыі Лукашэнкі «СБ. Беларусь сегодня» ў 11.13 апублікавала на сваім сайце артыкул з падзагалоўкам «Першая ахвяра зверстваў літоўцаў на мяжы».

Паведамленне Следчага камітэта пра здарэнне з’явілася на БелТА толькі ў 18.59 4 жніўня. Там зноў сцвярджалася пра забойства, а таксама пра завядзенне крымінальнай справы паводле адпаведнага артыкула Крымінальнага кодэксу. Расследаваннем мусіць займацца Цэнтральны апарат СК.

Увечары 4 жніўня тэлеканал ОНТ у эфіры паказаў кадры агляду цела мёртвага чалавека з відочнымі пашкоджаннямі. Твар яго пры гэтым быў схаваны.

2. Ці сапраўды ледзь жывога мігранта знайшлі на мяжы?

Паводле сведчанняў жыхара Воранава Станіслава Дайлідкі, які нібыта першым заўважыў яшчэ жывога мужчыну «неславянскай знешнасці» побач з Беняконямі, іншаземец ішоў па паласе зямлі паміж чыгункай і шашой з Беняконяў у кірунку Воранава, побач з вёскай Ёткішкі. Ад мяжы да гэтага месца, паводле сэрвісу Google Maps, каля пяці кіламетраў. Паводле афіцыйнай мапы Памежнага камітэту, загінулы знаходзіўся не ў памежнай паласе, якая праходзіць на поўнач ад Беняконяў, а ў памежнай зоне. Грамадзяне Беларусі могуць заяжджаць туды, маючы толькі беларускі пашпарт, а вось замежным грамадзянам неабходны дадатковы дазвол Памежнага камітэту.

3. Як мігрант трапіў у раён Ёткішак і чаму ён быў адзін?

На гэтыя пытанні афіцыйныя беларускія структуры пакуль адказаў не даюць. Як ужо адзначалася вышэй, знаходжанне замежных грамадзян у памежнай зоне Беларусі без адпаведнага дазволу забаронена. Паводле паведамленняў беларускіх і літоўскіх памежнікаў, для перасячэння мяжы мігранты збіраюцца ў групы, па адным яны гэтага не робяць. Ці былі ў момант, калі беларускія памежнікі натрапілі на ледзь жывога мігранта, побач з ім іншыя грамадзяне Ірака альбо мігранты з іншых краін, таксама невядома.

Акрамя гэтага, з’явілася блытаніна з узростам меркаванага загінулага. Паводле версіі беларускіх дзяржорганаў, яму было 39 гадоў. У тэлеграм-каналах удзельнікаў міграцыі праз беларуска-літоўскую мяжу ўвечары 4 жніўня з’явілася інфармацыя, што яму было 29 гадоў. Там жа называецца імя верагоднага памерлага. Пацвердзіць праўдзівасць гэтых звестак пакуль немагчыма.

4. Адзіны сведка здарэння — былы вайсковец

Станіслаў Дайлідка, які першым заўважыў падазронага чалавека ля Ёткішак, у мінулым працаваў у ваенкамаце, ён былы вайсковец, падпалкоўнік запасу. Дайлідка актыўна расказвае пра здарэнне, увечары 4 жніўня інтэрв’ю з ім выйшла на ўсіх дзяржаўных тэлеканалах Беларусі.

d8d01c14_47d7_4928_aef0_11019e21be86_w650_r1_s.jpg


Паводле публікацыі ў «Ваеннай газеце», сын Станіслава Дайлідкі ў 2018 годзе быў начальнікам памежнай заставы імя Вусава каля пасёлку Сапоцкін у Гродзенскай вобласці.

Згадкі пра Станіслава Дайлідку можна знайсці ў раённай воранаўскай прэсе. Паводле гэтых публікацый, кіраўніцтва раёну ўзнагароджвала яго разам з перадавікамі-міліцыянтамі.

5. Пікет ля літоўскай амбасады яшчэ да афіцыйнай заявы СК

Людзі з плакатамі «Литва — концлагерь ХХІ века», «Литовские каратели — убийцы демократии!», «Науседу в Гаагу» сабраліся насупраць будынку амбасады Літвы ў Мінску ўжо каля 12-й гадзіны 4 жніўня. Гэта было менш чым праз дзве гадзіны з першага паведамлення пра гібель чалавека, і задоўга да афіцыйнага паведамлення Следчага камітэта аб здарэнні (яно з’явілася толькі каля 19-й гадзіны), а таксама задоўга да з’яўлення сюжэтаў пра гэта на дзяржаўным тэлебачанні.

Усе такія акцыі, паводле беларускага заканадаўства, павінны быць узгодненыя з гарадскімі ўладамі. Заяўку на правядзенне неабходна падаваць за два тыдні да мерапрыемства.

Да таго ж, трэба час, каб намаляваць плакаты, з якімі пікетоўцы былі ля амбасады.