Экафэст «Пастарнак» у траўні: можна прыходзіць з сабакамі!
22–23 траўня на Кастрычніцкай, 19 у Мінску адбудзецца экалагічны фестываль здаровага ладу жыцця «Пастарнак».
У праграме — веганская ежа, экамаркет, творчыя майстар-класы, лекцыі, музыка і кіно.
Лекцыі. Прадстаўнікі(-ніцы) экалагічных і зоаахоўных арганізацый і сацыяльных бізнэсаў распавядуць пра актуальныя экалагічныя праблемы і падзеляцца лайфхакамі па экалагічным ладзе жыцця, а госці фестывалю змогуць паўдзельнічаць у дыскусіях на тэму экалагічнага асяроддзя ў гарадах.
Творчыя майстар-класы. У межах «Пастарнаку» наведвальнікі(-цы) змогуць паўдзельнічаць у майстар-класах па тэхніках малявання і навучыцца рабіць прадметы дэкору і інтэр'еру з эка-матэрыялаў.
Спектаклі і кіно. Увечары на фестывалі будуць праходзіць тэатральныя пастаноўкі і прагляды дакументальнага кіно.
Маркет. На панадворку «Вершаў» будзе знаходзіцца сэрца фэсту — маркеты і фудкорты ад лакальных экабрэндаў і гастра-энтузіястаў(-ак).
Дзеці. Для жэўжыкаў арганізуюць гульнявую эказону.
Прыгажосць і здароўе. Экабрэнды прадставяць вялікую колькасць крафтавай, брэндавай і хэнд-мэйд-касметыкі, якая з'яўляецца экалагічнай і не тэстуецца на жывёлах.
Музыка. Усе два дні на фэсце будуць гучаць дзённыя дыджэй-сэты і вечаровыя акустычныя канцэрты і канцэрты класічнай музыкі.
Спорт. «Пастарнак» запрашае гасцей стаць гледачамі спаборніцтваў па скейтбордынгу і пагуляць у актыўныя гульні.
Уваход вольны, прыходзіць можна з сабакамі — для іх будзе арганізаваная гульнявая пляцоўка.