Эксперт па справе Карманава: Аналізы малака былі недакладнымі

7 снежня працягнуўся разгляд іску ААТ «Мілкавіта» да карэспандэнта Associated Press Юрася Карманава.

20161207_102645_resized.jpg

Працэс перамясціўся з суда Маскоўскага раёна сталіцы ў Эканамічны суд горада Мінска. Суд адхіляе хадайніцтвы адказчыка.
Старшынюе на працэсе суддзя Таццяна Сапега, інтарэсы журналіста  прадстаўляюць адвакат Сяргей Зікрацкі і кіраўнік ГА "БАЖ" Андрэй Бастунец.
Сёння падчас слуханняў прадстаўнік ТАА “Мілкавіта” падтрымаў агучаныя раней іскавыя патрабаванні. Карманаў і яго прадстаўнікі заявілі хадайніцтвы аб далучэнні да матэр’ялаў справы лінгвістычнай экспертызы, прычым, у судзе з’явілася нават спецыяліст у гэтай галіне спадарыня Мікалаева, якая яе і правяла па замове адказчыка. Аднак пасля пратэста прадстаўніка ісца суддзя гэтае хадайніцтва адхіліла.
Таксама было адхіленае хадайніцтва Карманава прыцягнуць у якасці суадказчыка Мінскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, які праводзіў экспертызу малака, што журналіст прывёз з Хоцніцкага раёна ўвесну бягучага году.
Нагадаем, што журналісты АР — Юрась Карманаў і Сяргей Грыц — у красавіку правялі расследаванне аб актыўным выкарыстанні забруджаных зямель Чарнобыльскай зоны ў сельскай гаспадарцы. Яны даведаліся, што фермер Мікалай Чубянок, які арганізаваў малочную ферму за некалькі кіламетраў ад знакаў “Стоп! Радыяцыя!”, штодня здае каля дзвюх тон малака на завод ААТ “Мілкавіта” ў Хойніках. Каля 90 % прадукцыі ААТ “Мілкавіта” ідзе на экспарт у Расію.
Аналіз малака ў галоўнай лабараторыі Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, як адзначалася ў артыкуле АР, паказаў, што дапушчальныя нормы па ўтрыманні стронцыю (SR-90) перавышаныя ў 10 разоў. Згодна з заключэннем цэнтра, які мелі журналісты, малако ўтрымлівала 37,5 Бк/кг стронцыю пры дапушчальнай норме ў 3,7 Бк/кг.
У сераду вядучы інжынер цэнтра Аксана Драбышэўская паведаміла на працэсе, што дадзеныя па стронцыю не могуць быць прынятыя да ўвагі, бо ступень забруджвання малака гэтым элементам вымагае складаную і працяглую працэдуру. І тыя дадзеныя, што з’явіліся ў раздрукоўцы, якую атрымаў Карманаў, не з’яўляюцца дакладнымі, бо ў вадкасным стане правесці дакладны замер забруджанасці малака не ўяўляецца магчымым. Таму суддзя перад тым, як аб’явіць перапынак, апроч іншага, загадала прадстаўнікам цэнтра прывезці на наступнае паседжанне тэхнічны пашпарт і іншую дакументацыю на прыбор, з дапамогаю якога ажыццяўляўся замер малака.
Сяргей Грыц і фатограф Таццяна Зяньковіч, якія ўдзельнічалі ў той паездцы ў Хойніцкі раён, выступілі на працэсе ў якасці сведак. Яны пацвердзілі, што набылі малако (1,5 літра) менавіта ў фермера Чубанка, а потым Карманаў і Грыц адвезлі яго ў Мінскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Асаблівых пытанняў з боку суддзі і ісца да сведкаў не ўзнікла.
Разгляд справы працягнецца ў пятніцу, 9 снежня, а 14-й гадзіне. 
baj.by