Севярынца аштрафавалі на 1050 рублёў за «трыкалор»
Суддзя Фрунзенскага суда Менску Ерохіна М.В. аштрафавала сустаршыню Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Паўла Севярынца за тое, што ён на пікеце ў падтрымку Эдуарда Пальчыса 19 кастрычніка «выкрикивал «Жыве Беларусь» и держал триколор бело-красно-белого цвета».

Штраф максімальны - 50 базавых (1050 дэнамінаваных рублёў).
— Суддзя Ерохіна, відаць, «университетов не кончала» — пракаментаваў прысуд Севярынец, — і не ведае, што трыкалорам называецца менавіта трохкаляровы сцяг, напрыклад, расейскі. Сама пастанова суда — узор расейскага канцылярызму: «Лицо, в отношении которого ведётся процесс, в суд не явился», «...что выразилось в совместном присутствии граждан по вышеуказанному адресу», і да таго падобныя перлы. Словам, судзяць нас невукі і беззаконнікі, але хай памятаюць біблейскае: «Якім судом вы судзіце, такім і вас судзіць будуць».
Паводле bchd.info