Суды над гарадзенцамі — удзельнікамі Свіслацкага фэсту прызначаны на 15 снежня
Гарадзенскаму праваабаронцу Віктару Сазонаву тэлефонным званком з Ленінскага суда Гародні паведамілі пра тое, што суд над ім за ўдзел у Свіслацкай акцыі прызначаны на 15 снежня на 10 гадзін раніцы.
Як стала вядома Гарадзенскай вясне, на гэтую ж дату таксама прызначаныя суды яшчэ над двума гарадзенскімі актывістамі Уладзімірам Хільмановічам і Сяргеем Верамеенкам.
На іх усіх складзеныя і адпраўленыя ў суд адміністрацыйныя пратаколы па частцы 3 артыкула 23.34 (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).
Суды над удзельнікамі Дня памяці паўстанцаў 1863-64-га гадоў і ўсіх палеглых за Беларусь ужо адбыліся ў некалькіх гарадах гарадзеншчыны. Удзельнікам акцыі былі прысуджаныя вялікія штрафы. Штраф далі за удзел у гэтай акцыі нават аднаму актывісту з Мастоў, Васілю Клімовічу, які там увогуле не прысутнічаў.
Гарадзенскія праваабаронцы адзначаюць жорсткасць гарадзенскіх службаў аховы парадку і судоў у дачыненні да гэтай акцыі і адзначаюць, што гарадзеншчына стала адмоўным прыкладам пераследу актывістаў за менавіта беларускія нацыянальныя ідэі.
Прыкладам у Мінску такога масавага пераследу ўдзельнікаў Свіслацкай акцыі не назіраецца. А ў Берасці суддзя адправіла на дапрацоўку аналагічны гарадзенскім пратакол, складзены на Яўгена Скрабутана, на дапрацоўку.