Суд Маладзечанскага раёна не прызнаў працоўныя адносіны ў загінулай школьніцы
Суд Маладзечанскага раёна не задаволіў пазоў бацькі Вікторыі Папчэні, загінулай на ўборцы бульбы, піша tut.by.
Аднак акрамя СВК «Усход-Агра» суадказчыкамі па справе прыцягнутыя аддзел адукацыі Маладзечанскага райвыканкама, а таксама Дэпартамент дзяржінспекцыі па працы.
Як паведамлялася раней, Алег Папчэня падаў грамадзянскі пазоў да СВК «Усход-Агра». Ён прасіў усталяваць факт працоўных адносін паміж яго дачкой і арганізацыяй. У гэтым разе Дэпартамент дзяржінспекцыі па працы быў абавязаны правесці спецрасследаванне трагедыі як няшчаснага выпадку на вытворчасці. Падчас працэсу бацьку дапамагалі інспектары прафсаюза РЭП — Юрый Белякоў і Андрэй Стрыжак.
Падчас судовага разгляду выявілася, што спецрасследаванне гэтага здарэння можа правесці і аддзел адукацыі Маладзечанскага райвыканкама. Калі суд запытаў, чыёй дапамогай хацеў бы скарыстацца Алег Папчэня, ён сказаў, што для яго няма розніцы: «Не ведаю, у каго якія паўнамоцтвы і хто як праводзіць праверку. Хацелася б, каб і Дэпартамент інспекцыі працы, і аддзел адукацыі праводзілі расследаванне. Будзе добра параўнаць вынікі».
Дарэчы, упраўленне адукацыі па Мінскай вобласці праводзіла ўжо ўласную службовую праверку інцыдэнту. Праверка прыйшла да высновы, што паміж школьніцай і калгасам былі працоўныя адносіны. Аддзелу адукацыі ў Маладзечне рэкамендавалі звярнуцца па расследаванне няшчаснага выпадку ў інспекцыю па працы.
Нагадаем, васьмікласніца маладзечанскай школы №11 Вікторыя Папчэня загінула 29 верасня падчас уборкі бульбы. Крымінальная справа пачатая на кіроўцу грузавіка, а таксама на двух педагогаў, якія суправаджалі школьнікаў. Паколькі дзяўчынцы было толькі 13 гадоў, то дэпартамент па працы не хацеў прызнаваць наяўнасць працоўных адносінаў паміж Вікторыяй і СВК «Усход-Агра».
Паводле euroradio.fm