Суд зменшыў памер адміністрацыйнага штрафу Вольгі Юнкевіч

Суд Цэнтральнага раёна Мінска на 10 базавых велічынь зменшыў памер адміністрацыйнага штрафу з жыхаркі Мінскага раёну Вольгі Юнкевіч.

На здымку: Вольга Юнкевіч (справа) пад час пікета на плошчы Свабоды 12 траўня

На здымку: Вольга Юнкевіч (справа) пад час пікета на плошчы Свабоды 12 траўня


Нагадаем, што 12 мая ў Мінску на плошчы Свабоды разам з іншымі актывістамі Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконнасці ў судах і пракуратуры  72-гадовая працуючая пенсіянерка — былая настаўніца Вольга Юнкевіч правяла несанкцыянаваны пікет з расцяжкай: “Адпіскі чыноўнікаў разбурылі маю сям’ю”.

Цягам дзевяці гадоў яна дамагаецца справядлівага вырашэння сваёй грамадзянскай справы, у выніку якой яе ўласны дом у Мінскім раёне падзелены на тры кватэры, а грошы, што жанчына павінна была атрымаць за падзел дома, зніклі з дэпазітнага рахунку суду Мінскага раёна. Аднак па гэтаму факту правахоўнікі адмаўляюцца ўзбуджаць крымінальную справу.

1 чэрвеня суддзя суду Цэнтральнага раёна Мінска Вікторыя Шабуня аштрафавала Вольгу Юнкевіч на 30 базавых велічынь (630 руб.). Аднак асуджэнне адбылося без удзелу пенсіянеркі. Ні позву ў суд, ні пастанову суддзі жанчына не атрымлівала. Пра суд і штраф пенсіянерка даведалася толькі ад судовых выканаўцаў аддзелу прымусовага выканання Мінскага раёна, якія 8 жніўня наведалі жыллё Вольгі Юнкевіч, каб апісаць яе маёмасць. На адпаведную рэакцыю пенсіянеркі судовыя выканаўцы заявілі: “Не падабаецца — з’язджайце з краіны!”.

І гэта больш за ўсё абурыла жанчыну, бо Беларусь — яе радзіма, дзе карані і парасткі спадарыні Вольгі, дзе яна пражыла ўсё жыццё і прапрацавала настаўніцай бялогіі каля 40 гадоў.

Хаця судовыя выканаўцы прыйшлі да высновы, што маёмасць жанчыны апісанню не падлягае, 12 жніўня ад перанесенага стрэсу пенсіянерка захварэла, а 23 жніўня апынулася ў рэанімацыі з інфарктам.

Спадарыні Вользе давялося прыкласці шмат намаганняў, каб была разгледжана яе касацыйная скарга на пастанову суддзі Вікторыі Шабуні. 11 лістапада суддзя Мінскага гарадскога суду Валерый Камісараў адмяніў пастанову  суду першай інстанцыі і накіраваў адміністрацыйную справу Вольгі Юнкевіч у суд Цэнтральнага раёна на новы разгляд другім суддзёй.

Пры гэтым Валерый Камісараў звярнуў увагу на няўважлівасць суду першай інстанцыі да спадарыні Вольгі, з-за чаго былі парушаныя яе правы, а таксама на тое, што грамадзянка была пазбаўлена магчымасці даць тлумачэнні па сутнасці правапарушэння.   

8 снежня суддзя суду Цэнтральнага раёна Таццяна Рак перагледзела справу Вольгі Юнкевіч і аштрафавала яе на 20 базавых велічынь (420 руб.). На гэты раз суд адбыўся з удзелам пенсіянеркі, якая не пагадзілася з новым прысудам і будзе яго абскарджваць.