Фігурантам «справы лялек» прысудзілі рэальныя тэрміны
Магілёўцаў Вольгу Клімкову, Сяргея Скока і Максіма Сяргеенку прызналі вінаватымі ў злосным хуліганстве і абразе прэзідэнта. Суддзя суда Круглянскага раёна Дзмітрый Сасноўскі даў Клімковай і Скоку па 3,5 гады, Сяргеенку — 3 гады калоніі агульнага рэжыму, паведамляе «Магілёўская вясна».
Магілёўцаў абвінавачвалі ў тым, што яны вырабілі шэсць роставых лялек «з цынічнымі надпісамі і выявамі вышэйшых службовых асоб», размясцілі іх на пуцеправодах, сфатаграфавалі і распаўсюдзілі здымкі ў сеціве. Суд быў закрытым.
Прысуд вынеслі сёння, 19 красавіка. Вольга Клімкова і Сяргей Скок былі пад вартай з лістапада 2020 года, на Максіма Сяргеенку надзелі кайданкі ў зале суда пасля абвяшчэння прысуду.
Нагадаем, у лістападзе МУС паведаміла пра затрыманне чацвярых магілёўцаў ва ўзросце ад 33 да 39 гадоў (затым стала вядома, што затрыманых па гэтай справе ўсяго восем). Яны зрабілі шэсць роставых лялек «чыноўнікаў» і павесілі гэтыя манекены ў завесы на пуцеправодах каля вёсак Вільчыцы і Любуж Магілёўскага раёна.
— Паводле слоў мужчыны, які вырабляў лялькі з саломы і адзення, акцыя была адзінкавай. Раней у лесе кампанія фатаграфавалася, малюючы супрацоўнікаў АМАПа, якія збіваюць мірных пратэстоўцаў, — паведамляла МУС.
«Справу лялек» пачалі разглядаць 31 сакавіка. Чаму ў судзе Круглянскага раёна, нягледзячы на тое, што ўсе абвінавачаныя — магілёўцы, невядома.
Паводле news.tut.by