Філосафы арганізавалі ланцуг, дзе чыталі фрагменты з кнігаў пра вольнасць
Беларускія філосафы выйшлі на вуліцы, каб прачытаць уголас урыўкі з трактатаў пра свабоду.
На філасофскім марафоне. Фота Таццяны Шчытцовай
Як паведаміла філосаф Таццяна Шчытцова, сёння выпускнікі БДУ — сацыёлагі, філосафы і юрысты — арганізавалі філасофскі марафон, на якім чыталі фрагменты з беларускіх і еўрапейскіх аўтараў, прысвечаныя свабодзе і годнасці.
Філосафы выйшлі на вуліцу каля БДУ і чыталі ўголас Андрэя Волана, Вацлава Гавэла, Эрыха Фрома, Міхала Анемпадыстава, Джона Лока і іншых.
Вось адзін фрагмент з Андрэя Волана, які быў зачытаны:
Калі мы прыгадаем падзеі мінуўшчыны і паглядзім на тое, што дзеецца сёння, мы не зможам для сябе не адзначыць, штo сярод людзей заўсёды знаходзіцца той, хто прагне захапіць неабмежаваную ўладу цаною шматлікіх інтрыг і забойстваў. Пыха і неўтаймаваная разбэшчанасць чалавека з'яўляюцца галоўнай прычынай рабства. Але знаходзяцца людзі, чый розум сапсуты і карумпаваны настолькі, штo гэтыя самыя заганы, якія ўжо адны руйнуюць усякую свабоду, яны легкадумна імянуюць свабодай. І шмат хто лічыць, што толькі тады мае поўнyю, сапраўдную свабоду, калі сваім суровым і грозным абліччам наганяе жуду на слабейшага, па сваёй прыхамаці чыніць над ім гвалт, змушае ўсіх скарыцца дзікаму самаўладдзю. Але ўсялякая празмернасць ператвараецца ў загану. Людзі, якія выхваляюцца сваёй пpaзмернай свабодай, фанабэрацца не высакародным разуменнем свабоды, а паняццем, найменне якому “разбэшчанае сваволле”. Свабода нікому не чыніць зла, тады як рознaга кшталту бязэцтва парушае спакой чалавека. Толькі дэспат лічыць прыстойным рабіць людзям ліха па сваёй прыхамаці. Свабода адмаўляе рабства і падтрымлівае панаванне справядлівых законаў. Дэспат жа руйнуе любое вяршэнства закона і ў сваіх дзеяннях кіруецца не розумам, а жарсцю заганных пачуццяў.