Фотафакт. Хтосьці спрабуе забіць дуб у Мінску соллю — міліцыя праводзіць праверку

Чытач Зялёнага партала Аляксей звярнуўся ў рэдакцыю: на вуліцы Леаніда Бяды, 13 невядомыя абвясцілі вайну дубу. Наш карэспандэнт пабываў на месцы «злачынства» і паспрабаваў на смак белае рэчыва, якім спрабуюць забіць дрэва. Ніякіх сумневаў — гэта соль.

5_57_1.jpg

На здымках відаць, што ў каранёвай сістэмы дрэва рассыпаныя як найменьш два пачакі солі, ствол абгорнуты ў плёнку, а крыху вышэй прасвідраваная адтуліна дыяметрам 5 см і глыбінёй у 15 см.
Дарэчы, па запыце як забіць дрэва без сякеры можна знайсці дзесяткі падобных парадаў па выкарыстанні солі супраць зялёных насаджэнняў:
«Выкарыстоўваючы гэтую асаблівасць каранёвай сістэмы, некаторыя дачнікі спрабуюць загубіць суседскае дрэва, не заходзячы на чужы ўчастак. Проста закопваюць соль ля плота побач з дрэвам і ўсё. Пры гэтым ніякіх высалаў на глебе не ўзнікае, і даказаць іх злы намер бывае вельмі складана. Метад з соллю дзейнічае на працягу 1-2 месяцаў — спачатку дрэва скідае лісце, а затым засыхае».
Хто і навошта спрабуе забіць дуб на Бяды? Па словах неабыякавага гараджаніна Аляксандра, які прыехаў на свае вочы паглядзець на дрэва, прагноз для дуба не спрыяльны.
— Жывы пласт у дрэва складае ўсяго 1 мм на мяжы драўніны і кары, так званы пласт нарастання. У большасці культур асяродак ствала — гэта мёртвыя клеткі, у рэдкіх выпадках мёртвыя клеткі ўперамешку з жывымі і яны служаць толькі для транспарціроўкі вады і мінеральных рэчываў. Кара зверху таксама мёртвая тканіна, якая нарастае і служыць для абароны дрэва. Мы выклікалі 102 і зафіксуем гэты факт, — распавядае Аляксандр.


Мясцовыя жыхары адзначаюць, што бачылі белае рэчыва пад дубам яшчэ вясной, але тады вырашылі не ўдавацца ў падрабязнасці, каму гэта трэба.
Супрацоўнікі міліцыі, якія прыехалі на месца, зафіксавалі рассыпаную соль пад дубам, прынялі заяву і склалі пратакол апытання. На працягу 10 дзён будзе праводзіцца праверка.
Дарэчы, за такое выдаленне дрэў згодна з Адміністрацыйным кодэксам можна атрымаць штраф да 50 базавых велічынь (артыкул 15.22, пункт 3).
Паводле greenbelarus.info