Футбалісткі «Мінска» вынеслі на поле майку арыштаванай аднаклубніцы
Футбалісткі «Мінска» пасля тура жаночага ЧБ атрымалі нямала крытыкі.
Прэтэнзія да іх заключалася ў адсутнасці падтрымкі ў адрас аднаклубніцы Ульяны Асаула, затрыманай 25 сакавіка, у Дзень Волі, якая атрымала 13 сутак па «народным» артыкуле 24.23 (раней — 23.34) КаАП РБ. На матчы супраць «Бабруйчанкі» футбалісткі ніяк не згадалі Асаула і праспявалі дзяржаўны гімн. Аднак у матчы з «Віцебскам» сітуацыя ўсё ж змянілася, піша «Трыбуна».
Каманда на перадматчавым прадстаўленні ўжо не абдымалася і гімн не спявала, затое вынесла майку з другім нумарам Асаула, якая ўсё яшчэ знаходзіцца за кратамі. Непасрэдна ў руках майку трымала брамніца Паліна Малаева, якая падпісала ліст за сумленныя выбары і супраць гвалту.
Матч скончыўся разгромнай перамогай — «Мінск» вынес апанентак з лікам 16:0.
tut.by