Гандляроў наркотыкамі будуць саджаць на 25 гадоў

Праект антынаркатычнага дэкрэта прадугледжвае ўзмацненне жорсткасці адказнасці за распаўсюд наркотыкаў. Пра гэта паведаміў старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала пад час ўрачыстай цырымоніі адкрыцця новага будынка раённага суда ў Валожыне.



narki.jpg

«Тыя рашэнні, якія былі прынятыя на нарадзе па пытаннях процідзеяння незаконнаму абароту наркатычных сродкаў ў кіраўніка дзяржавы, цяпер рэалізуюцца на практыцы. Ужо падрыхтаваны ў канчатковым варыянце праект дэкрэта, у якім у прынцыпе ёсць усё тое, пра што гаварылася на нарадзе», цытуе суддзю БелТА.

У прыватнасці, праектам дэкрэта прадугледжана ўзмацненне адказнасці за распаўсюд наркотыкаў. «У першую чаргу гэта закране распаўсюджвальнікаў наркотыкаў, тых, хто прадае і распрацоўвае так званыя дызайнерскія наркотыкі. Для іх пакаранне ўсталёўваецца пры асабліва абцяжваючых абставінах аж да 25 гадоў пазбаўлення волі. Для спажыўцоў наркотыкаў ўводзяцца спецыяльныя прафілакторыі з узмоцненым рэжымам, г.зн. прадугледжаны цэлы шэраг навацый, якія ўзмацняюць жорсткасць адказнасці за збыт і ўжыванне наркотыкаў», — сказаў старшыня Вярхоўнага суда.

Нагадаем, сярод гэтых «навацый» таксама крымінальная адказнасць за ўжыванне наркотыкаў і зніжэнне ўзросту наступлення крымінальнай адказнасці за збыт наркотыкаў з 16 да 14 гадоў.

Па словах Валянціна Сукалы, антынаркатычны дэкрэт можа быць падпісаны ўжо да канца гэтага года.