Што ўзмацняе дэкрэт № 5?

Дэкрэт кіраўніка дзяржавы аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў атрымаўся якраз па показцы: «Паны б'юцца — у халопаў ілбы трашчаць». Узмацняе ён не адказнасць кіраўнікоў, а адказнасць працоўных.



ed_ak677_bw1216_g_20091215140017.jpg

Згодна з дакументам, на кіраўнікоў ускладаецца персанальная адказнасць за забеспячэнне вытворча-тэхналагічнай, выканальніцкай і працоўнай дысцыпліны, належнае ўтрыманне будынкаў, памяшканняў і абсталявання, захаванне ўмоў працы работнікаў. За гэта кіраўнік будзе несці дысцыплінарную адказнасці аж да звальнення. У прынцыпе, яны за гэта былі адказныя і без дэкрэту. Узгадайце, хто адказны ў вашай арганізацыі за супрацьпажарную бяспеку? Адзін з кіраўнікоў, канешне ж.

 

Дэкрэт усталёўвае забароны і абмежаванні пры прызначэнні на кіруючыя пасады асоб, звольненых па дыскрэдытуючых абставінах. Забаронена прызначаць на пасады, уключаныя ў кадравыя рэестры кіраўніка дзяржавы, урада і выканкамаў усіх узроўняў асоб, звольненых па дыскрэдытуючых абставінах, на працягу пяці гадоў. Прызначэнне ж «датэрмінова» на адказную пасаду будзе ажыццяўляцца са згоды раённага, гарадскога выканкама, мясцовай адміністрацыі. Тыя, хто абмінуў працэдуру ўзгаднення, і пра гэта стала вядома, будзе падлягаць безумоўнаму звальненню з-за парушэння правілаў прыёму на працу.

 

Патрабаванні дэкрэту павінны распаўсюджвацца на работнікаў і кіраўнікоў як дзяржаўных, так і прыватных арганізацый.

 

А вось шараговым працоўным прысвечаная большая частка дэкрэту. У прыватнасці, кіраўнікі арганізацый атрымаюць права істотна змяняць умовы працы работніка ў сувязі з абгрунтаванымі вытворчымі, арганізацыйнымі або эканамічнымі прычынамі, папярэдзіўшы работніка не менш чым за 7 каляндарных дзён (у цяперашні час — месячны тэрмін).

 

За парушэнне дысцыпліны кіраўнік зможа дэпрэміраваць працоўных на тэрмін аж да дванаццаці месяцаў. Прымяняцца дэпрэміраванне будзе і ў дачыненні да ўжо прызначаных прэмій. Таксама кіраўнік зможа неадкладна адхіляць работнікаў ад працы і, галоўнае, не аплачваць гэты перыяд адхілення.

 

Кіраўнік атрымае права звальняць работнікаў за парушэнне дысцыпліны, якое пацягнула шкоду ў памеры, большым за тры месячныя заробкі па рэспубліцы (з паведамленнем прафсаюза). Магчымасць звальнення работніка па гэтай падставе з'яўляецца правам кіраўніка, а не яго абавязкам.

 

Кіраўнік арганізацыі зможа ўтрымліваць з зарплаты работніка ў кошт пакрыцця шкоды да трох яго сярэднямесячных заробкаў без падачы пазову ў суд (у цяперашні час — аднаго месячнага заробку).

 

Доктар юрыдычных навук, прафесар Міхаіл Пастухоў крытычна ацэньвае гэты дакумент. На ягонае меркаванне, гэта ні што іншае, як недапушчальнае ўмяшанне дзяржавы ў працоўныя адносіны. «Працоўныя адносіны — гэта, перш за ўсё, адносіны паміж наймальнікам, працадаўцам і працоўным. Дэкрэт жа істотна ўмешваецца ў гэтыя адносіны, што мне не вельмі зразумела», — адзначае Пастухоў.

pastukhov_imgnen1111.jpg

Міхаіл Пастухоў: Дэкрэт №5 канчаткова ператварае працоўных у прыгонных

«Калі ўвядзенне кароткатэрміновых кантрактаў можна было б хоць фармальна назваць у нейкай ступені законным і дапушчальным, то палажэнні гэтага дэкрэта пераходзяць разумную мяжу. Дэкрэт усталёўвае даволі жорсткую адказнасць нават за аднаразовае парушэнне працоўных абавязкаў. Калі раней работніку можна было зрабіць заўвагу, напрыклад, то зараз амаль любое парушэнне ёсць падставай для таго, каб выгнаць яго з працы», — лічыць Пастухоў.

 

«Працоўныя ператвараюцца ў прыгонных, якія павінны толькі працаваць, працаваць, і не скардзіцца. Выказванне любога незадавальнення, любое патрабаванне выканання сваіх правоў можа быць расцэненае як парушэнне працоўнай дысцыпліны і стаць падставаю для звальнення», — адзначае юрыст.

 

То бок, фактычна ўлады «падвялі базу» пад звальненне актывістаў незалежных прафсаюзаў, якіх раней звальнялі за «аднаразовыя парушэнні», але потым яны дамагаліся кампенсацыі і ўзнаўлення на працы праз суд.

 

Пастухоў тым жа часам адзначае, што і кіраўнікі становяцца закладнікамі гэтага дэкрэта. З-за таго, што іх адказнасць за парушэнні на прадпрыемстве занадта размытая і не канкрэтызаваная. «Кіраўнікі, згодна з дакументам, нясуць агульную «персанальную» адказнасць. То бок, складана сказаць, што гэта за адказнасць. Фактычна, яны адказваюць за ўсё: можна за любы праступак падначаленага прыцягнуць кіраўніка да адказнасці: ад выпіўкі падначаленых на працоўным месцы да невыканання прагнозных паказчыкаў. Можна прызнаць кіраўніка вінаватым ва ўсім», — дадае Пастухоў.

 

«Шчыра кажучы, у дэкрэце ігнаруюцца прынцыпы працоўнага заканадаўства краіны і стандарты Міжнароднай арганізацыі працы ў галіне правоў працоўных», — заключае юрыст.

 

«Размытасць» адказнасці кіраўнікоў адзначыў нават той, хто павінен абараняць правы працоўных — лідар Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук. «Гэты дэкрэт «сыры», можна нават казаць і пра дэградацыю нашай заканатворчасці ўвогуле. Там вельмі шмат спасылак на «іншыя»: «іншыя» парушэнні, «іншую» адказнасць. Усё, што тычыцца такіх ацэнак і адсылак на «іншыя» — шлях да свавольства. Нідзе нічога не прапісана, у чым парушэнні, за якія кіраўнік нясе адказнасць, што за яны. У дэкрэце мала юрыдычнага, і шмат суб’ектыўнага», — адзначае ён.

jaroshuk160413333.jpg

Аляксандр Ярашук; Дэкрэт мае вялізны і моцны палітычны складнік

Ярашук таксама адзначае, што дэкрэт мае вялізны «палітычны» складнік, і «скіраваны перш за ўсё супраць тых, хто, словамі сённяшняй улады, «качае правы» на прадпрыемстве». «А гэта значыць, найперш, супраць тых, хто паважае сябе, мае кваліфікацыю, досвед працы, здольнасці. Менавіта яны стануць мішэнню гэтага дэкрэта», — лічыць Ярашук.

 

Між тым, і кіраўнікам яго выконваць будзе складана. «Зразумела, тыя кіраўнікі, якія ставяцца да ўлады па прынцыпе «чаго пажадаеце?», гэтым дакументам скарыстаюцца. Думаючыя, пісьменныя кіраўнікі, сур’ёзныя мэнеджары наўрад ці будуць у захапленні ад той ролі, якую ім вызначае дэкрэт: ролі ціску, шантажу, расправы. Яны не маюць вялікага імпэту гэтым займацца», — адзначае Ярашук.

 

Па меркаванні прафсаюзнага лідара, усё, да чаго можа прывесці выкананне гэтага дэкрэта — гэта «вымыванне» кваліфікаваных кадраў з краіны. Гэта тычыцца і адказных працоўных, на якіх перш за ўсё скіраваны дэкрэт, і кіраўнікоў, якім з-за аднаго праступку падначаленых, за якія раней ён бы і вымовы не атрымаў, зараз свеціць пазбаўленне працы і «воўчы білет» тэрмінам на пяць год. «Гэты дэкрэт — яшчэ адзін стымул для таго, каб высокакваліфікаваныя кадры, у тым ліку кіраўнікі «сярэдняга звяна», спецыялісты, пакідалі краіну і з’язджалі б у якасці працоўных мігрантаў у тую ж Расію, хоць яна зараз і перажывае не самыя лепшыя часы. А актыўная моладзь будзе імкнуцца на Захад і ў ЕС», — лічыць Ярашук.

 

Карацей, хацелі, як лепш — атрымалася, як заўсёды. Замест узмацнення адказнасці кіраўнікоў мы атрымалі чарговыя абмежаванні правоў працоўных. Чаго толькі вартае звальненне работніка без узгаднення, а проста «з паведамленнем» прафсаюза. Адзінае, на што можна спадзявацца, — што жорсткасць законаў у нашай краіне кампенсуецца неабавязковасцю іх выканання.