Міністэрства аховы здароўя забараніла падымаць кошт лекаў

Міністэрства аховы здароўя Беларусі запатрабавала ад гандлёвых аб'ектаў не павышаць цэны на лекавыя сродкі і вырабы медпрызначэння.



tabletki.jpg

«Міністэрства аховы здароўя даручае прыняць вычарпальныя меры па недапушчэнні росту адпускных і рознічных цэн на лекавыя сродкі, вырабы медыцынскага прызначэння і іншыя спажывецкія тавары», — гаворыцца ў паведамленні ведамства. Тэрміны дзеяння гэтага патрабавання не ўдакладняюцца.

Гэта рашэнне прынята «у мэтах выканання даручэнняў кіраўніка дзяржавы і ўрада, з улікам прынятага ўказа прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 снежня 2014 № 567 «Аб дадатковых мерах па абароне правоў спажыўцоў», паведамляе БелаПАН.

Пры гэтым Міністэрства аховы здароўя звяртае ўвагу, што «ў выпадку выяўлення парушэнняў заканадаўства аб фармацэўтычнай дзейнасцi, а таксама аб цэнаўтварэнні і завышэння цэн міністэрствам будуць прымацца самыя жорсткія меры, аж да закрыцця гандлёвых аб'ектаў».

Нагадаем, раней Мінгандлю абвясціла мараторый на рост коштаў для гандлёвых прадпрыемстваў і вытворцаў да 15 студзеня 2015 года. 9 снежня Мінгандлю загадала галіновым міністэрствам і канцэрнам, а таксама аблвыканкамам і Мінгарвыканкаму абвясціць да 15 студзеня мараторый на павелічэнне адпускных і рознічных цэн на спажывецкія тавары ў перадсвяточныя і святочныя дні. Рэкамендавана зафіксаваць цэны, якія былі на пэўны момант.

8 снежня Аляксандр Лукашэнка даручыў старшыні Мінгарвыканкама Андрэю Шорцу стрымліваць рост коштаў у Мінску перад навагоднімі святамі. «Мы напярэдадні святаў, самых любімых у людзей, — Новага года і Калядаў. Чалавек хоча годна іх сустрэць, — сказаў Лукашэнка, прымаючы Шорца з дакладам. — Вы выдатна разумееце, хоць Мінск багацейшы за іншыя рэгіёны краіны, але людзі тут розныя — багатыя, сярэднія і бедныя. Трэба не забываць, што Новы год — гэта перш за ўсё стол, застолле, і людзі заслужылі, пражыўшы і адпрацаваўшы гэты цяжкі год, каб цэны ў крамах былі нармальныя. Галоўнае, каб яны не падскочылі ў гэты перыяд».