«Гэта крадзеж» — графіці на месцы будаўніцтва «залатога» флагштока ў Гомелі

«700 000$ — гэта крадзеж» — такі надпіс з'явіўся сёння ўначы каля месца будаўніцтва флагштока на плошчы Леніна ў Гомелі. Невядомыя зрабілі надпіс на бетоннай агароджы каля будынку Драматычнага тэатра і «Белтэлекама», паведамляе Еўрарадыё.

Графіці ў Гомелі / t.me/gomel_new

Графіці ў Гомелі / t.me/gomel_new

Як адзначае Telegram-канал «Гомельскі чат канструктыўных змен», камунальнікі аператыўна зафарбавалі надпіс, на месцы працуюць супрацоўнікі МУС.
Раней паведамлялася, што на ўстаноўку флагштока і добраўпарадкаванне гомельскай плошчы Леніна з бюджэту вылучаць амаль паўтара мільёна рублёў, або каля 650 тысяч долараў.
Гэтая прапанова абурыла многіх гамельчукоў. Пад петыцыяй супраць будаўніцтва флагштока падпісаліся больш за чатыры з паловай тысячы чалавек.
Гэта ўжо не першы «залаты» аб'ект у Гомелі. У межах Форума рэгіёнаў Беларусі і Украіны, які праходзіў у горадзе ў кастрычніку 2018 года, на набярэжнай Сажа пабудавалі новую грамадскую прыбіральню. Паводле тэндара яе можна лічыць самай дарагой грамадскай прыбіральняй Беларусі, бо яе кошт складае 750 тысяч долараў.