Да прыезду Лукашэнкі і Парашэнкі ў Гомелі сцеляць рулоны зялёнай травы (фота, відэа)
Мясцовыя ўлады старанна прыводзяць горад у парадак: мыюць ліхтары, фарбуюць дахі, замяняюць цалкам нармалёвую плітку ў цэнтры горада на новую і нават кладуць рулоны зялёнай травы на схілы набярэжнай.
У межах Форума рэгіёнаў Беларусі і Украіны, які пройдзе 25 і 26 кастрычніка ў Гомелі, абласны цэнтр наведаюць кіраўнікі суседніх дзяржаў і шматлікія дэлегацыі. За некалькі апошніх тыдняў будаўнікі паспелі датэрмінова скончыць працы па ўзвядзенні новай падземнай грамадскай прыбіральні, што паўстала на набярэжнай Сажа.
Паводле тэндара яе можна лічыць самай дарагой грамадскай прыбіральняй Беларусі, бо яе кошт складае 750 тысяч долараў. Будаўніцтва менавіта падземнай прыбіральні на 15 чалавек гомельскія чыноўнікі патлумачылі зменай заканадаўства, паводле якога цяпер набярэжная – зона аховы ландшафту. Цяпер застаецца толькі гадаць, ці існавалі альтэрнатыўныя варыянты, але праз аўральныя працы па сканчэнні гэтага аб’екта і рулоны зялёнай травы, якія рабочыя старанна рассцілаюць на схілах, выніковы кошт можа нават вырасці.
Гараджане здзіўленыя неабходнасцю будаўніцтва такой «залатой» па фінансавых затратах прыбіральні, але паўплываць на працэс прыняцця горадабудаўнічых праектаў на дадзены момант не так лёгка. У той час гомельскія ўлады плануюць узвядзенне другой падобнай грамадскай прыбіральні на суседнім Кіеўскім спуску.
Азнаёміцца з гісторыяй і наступствамі будаўніцтва новай грамадскай прыбіральні ў Гомелі можна і ў адмысловым відэа:
Фота і відэа аўтара