У Гомелі міліцыя знайшла аўтара надпісу «700 000 $ — гэта крадзеж»

Гомельская міліцыя знайшла таго, хто напісаў на плоце ля месцаў, дзе ідуць работы па ўсталяванні флагштока, «700 000 $ — гэта крадзеж», паведамляе tut.by.

Графіці ў Гомелі / t.me/gomel_new

Графіці ў Гомелі / t.me/gomel_new


Уначы 10 сакавіка невядомы напісаў на металапрофіле «700 000 $ — гэта крадзеж». Камунальнікі тут жа зафарбавалі графіці, а міліцыя прызначыла праверку — і неўзабаве ўстанавіла асобу таго, хто нанёс надпіс.
— Гэта 19-гадовы гамяльчанін. У яго асабістых рэчах знойдзены балончык з фарбай чорнага колеру, з дапамогай якога і наносіўся надпіс. Малады чалавек будзе прыцягнуты да ўстаноўленай законам адказнасці, у тым ліку і матэрыяльнай — за перафарбоўку плота,— паведаміў TUT.BY афіцыйны прадстаўнік УУС Віталь Прыстромаў.
Нагадаем, нядаўна стала вядома аб тым, што да Дня Перамогі ў Гомелі на плошчы Леніна плануюць устанавіць 60-метровы флагшток. Металічная стойка будзе ўключаць механічны і ручны ўздым сцяга памерам 12 × 6 метраў.
На сайце дзяржзакупак з'явілася абвестка пра тэндэр на правядзенне работ па яго ўсталёўцы, а таксама добраўпарадкаванні тэрыторыі вакол. Кошт заказу — амаль 1,5 млн рублёў. Грошы на гэта плануюць узяць з мясцовага бюджэту.
Гараджане актыўна абмяркоўваюць ініцыятыву мясцовых уладаў. Многія лічаць кошт аб'екта залімітавым. Гамяльчане стварылі петыцыю супраць будаўніцтва новага флагштока. Яе падпісалі амаль 4,5 тысячы чалавек.