«Гістарычная падзея!» У беларускім «Макдональдсе» стварылі ячэйку праўладнага прафсаюза

Праўладная Федэрацыя прафсаюзаў пахвалілася стварэннем у беларускім аддзяленні амерыканскай франшызы фастфуда «Макдональдс» першаснай ячэйкі. Яе зарэгістравалі ў Маскоўскім раёне Мінска 27 верасня 2022 года.

g1_3.webp

Пасведчанне аб рэгістрацыі ўласнага прафсаюза прадстаўнікі сеткі атрымалі 10 кастрычніка ў будынку ФПБ.

На дадзены момант у беларускай сетцы хуткага харчавання «Макдональдс» — 25 рэстаранаў па ўсёй краіне.

«У арганізацыі працуюць каля 2 000 чалавек, 7 з іх ужо ўступілі ў прафсаюз», — паведамляе ФБП.

Пры гэтым праўладная федэрацыя прафсаюзаў палічыла дарэчным адзначыць, што «супрацоўнікам амерыканскага «Макдональдса» пакуль шанцуе менш», бо яны нібыта «гадамі патрабуюць стварэння ўласных прафсаюзаў з-за нізкіх заробкаў і цяжкіх умоваў працы, але кіраўніцтва кампаніі загразла ў працоўных спрэчках».

Беларускія афіцыйныя прафсаюзы — цалкам служаць дзяржаве і дбаюць не пра правы працаўнікоў, а пра іх дабранадзейнасць і ідэялагічную адпаведнасць «палітыцы партыі». Яны слова не сказалі насуперак, калі пасля выбараў 2020 года пачаліся масавыя звальненні тых беларускаў, якія адкрыта выступілі за перамены ў краіне.

У сваю чаргу незалежныя прафсаюзы спазналі пераслед і былі фактычна знішчаныя. Дагэтуль некаторыя прадстаўнікі незалежнага прафсаюзнага руху застаюцца за кратамі.