Генадзь Фядыніч: Дармаеды, не плаціце падаткі і спіце спакойна!
Старшыня Беларускага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч выступіў з заявай наконт сумнавядомага прэзідэнцкага Дэкрэта №3, празванага ў народзе “законам пра
дармаедства”.
Фота udf.by
І пра магчымасць яго рэалізацыі гэтай восенню. Маўляў, калі яго нельга адмяніць намаганнямі незалежных прафсаюзаў ды апазіцыі — значыць, трэба зрабіць яго “непрацуючым” .
РР: Можна сказаць, што мы перажываем экватар — яшчэ палова тэрміна і пачнецца прымяненне закона пра дармаедаў?
Генадзь Фядыніч: Лічу, што дэкрэт несвоечасовы і зусім непатрэбны. Колькі сёння дзяржава можа ўладкаваць на біржы? Толькі амаль 28 тысяч. Зарэгістраваныя ж 46!
РР: Тым больш, масавае скарачэнне тых, хто раней рэгістраваўся і ўжо ні ў што не вераць?
Генадзь Фядыніч: Безумоўна! Відавочна, што дзяржава імпатэнт — не бачыць, як іншым чынам забраць грошы ў людзей! Кажуць, у атачэнні Мясніковіча “навучаныя мысліць дзёрзка” чыноўнікі падлічылі, што будзе мінімум больш за 300 тысяч “дармаедаў”, памножылі іх на штрафныя мільёны і — атрымалі мільярды, якія нідзе не трэба шукаць! Але ж ці падумалі-падлічылі, колькі “жывых” грошай прывозяць у краіну гастарбайтэры, што працуюць ў Расеі — тыя ж НДС тут асядаюць! І калі з-за іх дурноты перастануць туды ездзіць, пакупніцкая здольнасць насельнікаў ТУТ апынецца на нулі. Хутка пагалоўна будуць ездзіць “зайцамі” ў аўтобусах, бо дзяржава для гэтага ўсё робіць! Другі крок — стануць спытваць, за што жыў, што будаваў?
РР: Вы б раілі не плаціць?
Генадзь Фядыніч: Не плаціць! Нельга здзекавацца над людзьмі. Грамадзянін мусіць вырашаць сам — працаваць яму ці не, па тых ці іншых прычынах. А дзяржава АБАВЯЗАНАЯ стварыць яму ўмовы для працы і каб за яе атрымліваў добрыя грошы. Інакш, за што ты бярэш мільёны — за тое, што 183 дні пражыў, дыхаў гэтым паветрам, глядзеў на абрыдлыя тыпавыя будынкі на вуліцах?! Няма ў свеце такой бязглуздзіцы, як з дэкрэтам № 3! Гэта як браць падаткі з пінгвінаў у Антарктыдзе за тое, што яны там сноўдаюцца… Між іншым, знаёмых украінцаў ужо папярэджвалі, што калі не ўладкуюцца — дэпортэйшэн! Каб усе пабеглі на працу за паўтара-два мільёны. А пенсіянерам — на галоту дадалі па 130 тысяч, якіх не хопіць і на праязны па Менску! Упэўнены — дэкрэт не спрацуе!
РР: Тым больш, час “Ч” мусіць наступіць пасля выбараў, калі, паводле прагнозаў адмыслоўцаў, стане эканамічна значна горш. Думаеце, Лукашэнку падставілі альбо гэта яго свядомая ініцыятыва?
Генадзь Фядыніч: Тое, што “зляцеў” Мясніковіч, мяркую, адзін з адказаў. Чыноўнікі беспадстаўна сказалі, што яшчэ не ўсе грошы пакінулі ў крамах, не ўсе заплацілі штрафы і падаткі ў мясцовыя бюджэты. А тут вунь, маўляў, якая дырышча! Дый сам “бацька” відавочна старэе, калі славутая палітычная інтуіцыя не падказала яму, што прымаць такі закон перад выбарамі — сабе даражэй! Таму яшчэ пабачым, як людзі прыйдуць на тыя “выбары”!
РР: “Дармаеды” пасля гэтага інтэрв’ю могуць спаць спакайней?
Генадзь Фядыніч: Дармаеды, спіце спакойна, ніякіх падаткаў не плаціце! Генадзь Федыніч кажа, што ў часе рэалізацыі закона пра “дармаедства” можа пайсці “ланцуговая рэакцыя” , калі ў беспрацоўных людзей і без таго не хопіць грошай на ўтрыманне сям’і. Тады ў іх скончыцца цярпенне, як гэта адбылося ўжо ў часе нядаўняга страйкавання ў Маладзечна. Толькі цяпер усё можа прыняць масавы характар — мяркуе суразмоўца.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя