Грамадскае абмеркаванне аб зносе «Розачкі» прызналі несапраўдным

У чэрвені жыхары "Розачкі" — старога раёна Мінска, які цягнецца ўздоўж вуліцы Розы Люксембург — даведаліся пра намеры ўладаў пабудаваць шматпавярховікі на месцы невысокіх дамоў, што складаюць раён.

Здымак tut.by

Здымак tut.by


Аднак "перабудову" немагчыма зрабіць без грамадскага абмеркавання, да якога і пачалі рыхтавацца людзі. У кароткі тэрмін ініцыятыўная група сабрала больш за 700 подпісаў супраць праекта дэталёвага планавання і аднесла ў адміністрацыю раёна.
Неабыякавыя жыхары "Розачкі" хацелі асабіста пракантраляваць, што іх прапановы ўлічаць, таму прыйшлі на пасяджэнне камісіі, што абмяркоўвала праект. Аднак іх папросту не пусцілі ў кабінет. Людзі былі вельмі абураныя.
Позна ўвечары 20 ліпеня стала вядома, што чыноўнікі ўсё ж вырашылі прызнаць несапраўдным абмеркаванне, якое адбылося на тым пасяджэнні.
«Увечары 20 ліпеня нам у адміністрацыі Маскоўскага раёна распавялі, што абмеркаванне прызнанае несапраўдным на падставе ліста з Мінбудархітэктуры, — цытуе TUT.by грамадскага актывіста і абаронцу "Розачкі" Змітра Кавалгіна. — У лісце спасылаліся на тое, што няправільна сфармаваная камісія. Дакумент не паказалі, як арыенцір для паўторнага абмеркавання назвалі жнівень. Паабяцалі, што 21 ліпеня афіцыйнае паведамленне з'явіцца на сайце раённай адміністрацыі».
Але на 11:00 21 ліпеня паведамлення пра паўторнае грамадскае абмеркаванне зносу "Розачкі" на сайце адміністрацыі Маскоўскага раёна не было.
Паводле «Еўрарадыё»