Грамадзяне падалі ў суд на Адміністрацыю прэзідэнта

3 лютага дзевяць актывістаў грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры накіравалі ў суд Ленінскага раёна Мінска скаргу на неправамерныя дзеянні (бяздзеянне) дзяржаўнага органа, што ўшчамляе правы грамадзянаў.



zancyny_sud_3_2_15.jpg

Падпісанне скаргі
Сярод падпісантаў скаргі — жыхары Бабруйска (Магілёўская вобласць), Крупак (Мінская вобласць), Мінска і Мінскага раёну, а таксама без вызначанага месца жыхарства.
У скарзе, між іншым, адзначаецца, што 12 лістапада 2014 года 29 грамадзянаў, у тым ліку і заяўнікі скаргі ў суд, накіравалі дзесятую заяву на прыём да галавы Адміністрацыі прэзідэнта, але ў чарговы раз атрымалі адпіску. На сваю ж скаргу на гэтыя дзеянні кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, накіраваную галаве дзяржавы, грамадзяне ўвогуле не атрымалі аніякага адказу. Дарэчы, гэта быў саракавы зварот актывістаў грамадзянскай ініцыятывы да прэзідэнта Беларусі за апошнія восем гадоў.
Вось чаму грамадзяне вырашылі звярнуцца ў суд, бо наяўнасць праблемы адпісак — адказаў, якія абыходзяць сутнасць пастаўленых у зваротах пытанняў, — не дазваляе людзям вырашаць іх канкрэтныя справы.
Заяўнікі просяць суд прызнаць неправамернымі дзеянні (бяздзеянне) кіраўніцтва Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якое адмаўляе ім у прыёме і не вырашае праблему адпісак.
Апроч таго, грамадзяне просяць суд абавязаць кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у бліжэйшы час прыняць падпісантаў скаргі альбо іх прадстаўнікоў на асабістым прыёме.