Гродзенца будуць судзіць за «экстрэмізм» у сацсетках — выкарыстаў абрэвіятуры пра сілавікоў
На Аляксандра Горбача з Гродна міліцыя склала пратакол за распаўсюд абрэвіятур з «экстрэмісцкага» спісу. Гэта пазначана ў дакументах, якія апублікавалі праваабаронцы на сайце «Гродзенскай вясны».
44-гадовы жыхар Гродна атрымаў дакументы з міліцыі ад 5 лістапада, што на яго складзены пратакол па ч.2 арт. 17.11 КаАП за распаўсюд інфармацыі з чорнага спісу.
Паказана, што на сваёй старонцы ў сетцы «Укантакце» ён ужыў дзве абрэвіятуры. Адна на англійскай (у перакладзе — абраза на адрас паліцэйскіх), другая на рускай мове (пажаданне смерці супрацоўнікам органаў). Часта ўжываюцца ў крымінальным асяроддзі, асабліва ў выглядзе татуіровак.
Мяркуючы па чорным спісе на сайце Мінінфарма, абедзве ўнесены туды па рашэнні аршанскага суду яшчэ са жніўня 2018 га. Іх забаронена выкарыстоўваць «незалежна ад носьбіта» — на транспарантах, сцягах і нават у тату.
Яшчэ адзін пратакол на мужчыну склалі па арт. 17.10 за выявы нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі на старонцы.
Усе гэтыя дзеянні, пазначана ў дакументах, мужчына нібыта здзейсніў у перыяд «з 2013 па 2016 год».
Нагадаем, гэта не першая справа аб экстрэмізме за апошні час. У лістападзе лідэра гарадзенскай групы Dzieciuki Аляксандра Дзянісава аштрафавалі на 613 рублёў за рэпост відэа з забароненай групы анархістаў у сацсетках. Аказалася, старонку ўнеслі ў спіс у 2016 годзе, але яна працягвала дзейнічаць да восені 2018 га.
У Мінску анархіста Вячаслава Касінерава і яго жонку аштрафавалі на суму ў 1800 рублёў за здымкі ў сацсетках. Там міліцыя разгледзела два надпісы на вопратцы актывіста, у тым ліку — вышыўку на шапцы ў выглядзе слоў, якія перакладаюцца з англійскай як «класавая вайна». Фразы былі ўнесены ў спіс забароненай інфармацыі ў сакавіку 2018 га.
А ў Магілёве на 33-гадовага мужчыну за репост ў сацсетках завялі ўжо крымінальную справу па ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (Распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні). Гаворка ішла аб малюнках, дзе ўтрымліваліся «сцэны прапаганды і заклікі да варожых дзеянняў у адносінах да групы асоб па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай і моўнай прыналежнасці». За гэта пагражае пакаранне ад штрафу і аж да 5 гадоў пазбаўлення волі.
Паводле tut.by