Гродзенскага музыку Банцара на «хіміі» паставілі на ўлік «па экстрэмізме»
Музыку Ігара Банцара 21 чэрвеня паставілі на прафілактычны ўлік «па экстрэмізме» як «схільнага да дэструктыўных дзеянняў», піша «Радыё Свабода».
Пра гэта расказала жонка палітвязня Анжаліка Арэхва.
«Ігар пазваніў і сказаў, што яго паставілі на ўлік, як усіх», — пераказала Анжаліка Арэхва.
17 чэрвеня Банцар пачаў адбываць пакаранне на «хіміі» ў Віцебску.
Банцар у Віцебску пачаў абследаванне свайго стану здароўя, у яго пасля СІЗА выявілі гепатыт С і праблемы ў сферы гастраэнтэралогіі. Працаваць ён пакуль не пачаў.
Ігара Банцара асудзілі на 1,5 года абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Яго абвінавацілі ў хуліганстве, бо станцаваў без штаноў перад міліцыянтам. Банцар сваю віну не прызнаў. Перад гэтым ён правёў у СІЗА 5 месяцаў, што адпавядае 10 месяцам «хіміі». То-бок яму засталося адбыць 8 месяцаў.
Рок-музыкант галадаў 16 дзён без ежы і вады цягам усяго судовага працэсу на знак пратэсту.
Ігар Банцару 41 год, жанаты, мае трох дзяцей.