Хронікі рэпрэсій. Гітарыста «Крамбамбулі» асудзілі другі раз, зноў затрымалі святара

З дапамогай інфармацыі ад праваабаронцаў і з адкрытых крыніц сабралі звесткі пра палітычны пераслед беларусаў 24 лістапада.

belnaviny.by_20_2.jpg

У судзе Фрунзенскага раёна Мінска агучылі прысуд гітарысту «Крамбамбулі» і Pomidor/off Уладзіславу Плюшчаву. Тры месяцы таму палітвязня ўжо асудзілі да двух гадоў калоніі з канфіскацыяй яго асабістага аўтамабіля, а таксама прызначылі штраф у памеры 6400 рублёў.

Гэтым разам музыку абвінавацілі паводле трох крымінальных артыкулаў: арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»); арт. 188 («Паклёп»); ч. 3 арт. 203-1 («Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных»).

Дзяржабвінаваўца запрасіла для палітвязня тры гады зняволення і 300 базавых велічынь штрафу з улікам папярэдняга прысуду — менавіта столькі і прызначыў суддзя Андрэй Млечка.

У судзе Партызанскага раёна Мінска вынесены прысуд жыхарцы Светлагорска Наталлі Зорынай, абвінавачанай у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч.1. арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Справу разглядаў суддзя Міхаіл Макарэвіч.

Паводле матэрыялаў абвінавачання, Зорына прыняла ўдзел у адной з акцый пратэсту ў 2020 годзе ў Мінску, разам з іншымі мітынгоўцамі «выходзіла на праезную частку праспекта Незалежнасці, публічна выкрыквала лозунгі, здзяйсняла гучныя воплескі і размахванні рукамі».

У выніку суд пастанавіў прызначыць ёй тры гады «хатняй хіміі».

Затрыманы грэка-каталіцкі святар Віталій Быстроў. Як паведамляе «Хрысціянская візія», ён служыць грэка-католікам у парафіі Маці Божай Жыровіцкай у Івацэвічах.

Айца Віталія ўжо затрымлівалі ў лістападзе 2020 года. Тады ён атрымаў 10 сутак арышту паводле арт. 23.34 КаАП («Несанкцыянаванае масавае мерапрыемства»).

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі пра затрыманне распрацоўшчыка ІТ-студыі «ICON GAMES» Валерыя Буйвідовіча.

Паводле іх, хлопец удзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту, а таксама пакідаў «абразлівыя каментары».

У Мінскім гарадскім судзе пачынаецца разгляд справы палітвязня, бацькі семярых дзяцей Максіма Лацунцэвіча. Яго абвінавачваюць паводле арт. 130 («Распальванне сацыяльнай варожасці»), а таксама паводле арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»). Максім быў затрыманы 29 верасня 2021 года ў межах «справы Зельцэра».

Справу разглядае суддзя Алена Касцюкевіч.

Баранавіцкага актывіста Юрыя Казакевіча адпусцілі ўчора ўвечары пасля ператрусу. Нагадаем, 23 лістапада да яго прыйшлі з ператрусам супрацоўнікі КДБ. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, мужчыну адпусцілі ўвечары таго ж дня.

Юры Казакевіч — гаспадар крамы з нацыянальнай сімволікай «Росквіт» і актывіст Руху «За Свабоду».

На Дар'ю Лосік цісне адміністрацыя брэсцкага СІЗА. Палітзняволенай пачалі залічваць вагу пасылак у агульную вагу перадач. Звычайна вязням можна перадаваць перадачы на 30 кг у месяц і дадаткова дасылаць неабмежаваную колькасць пасылак вагой да 50 кг. Цяпер яе ў гэтым абмежавалі. Праваабаронцы просяць не дасылаць Дар'і пасылкі без узгаднення са сваякамі, бо праз устаноўлены ліміт яна можа застацца без неабходных рэчаў.

Лісты ад Дар‘і амаль не даходзяць.

Нагадаем, Дар‘ю Лосік, жонку палітзняволенага блогера Ігара Лосіка, затрымалі 18 кастрычніка. З таго часу яе ўтрымліваюць у брэсцкім СІЗА-7. Дачка Ігара і Дар'і цяпер знаходзіцца ў бабулі з дзядулем.

30 лістапада Дар'я адзначыць 31-годдзе за кратамі, а 28 лістапада будзе роўна 13 гадоў з першага спаткання з Ігарам. Падтрымаць яе можна тэлеграмамі і грашовымі пераводамі.

Прызначана дата суда над палітвязнем Алесем Папковічам. Яна і Алеся Папковічаў затрымалі 2 верасня ў Мінску. Вядома, што Ян раней працаваў інкасатарам у «Белгазпрамбанку». У пачатку верасня браты планавалі з’ехаць у Польшчу, аднак за дзень да ад'езду былі затрыманы сілавікамі. Цяпер іх абвінавачваюць паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

Суд над Алесем распачнецца 5 снежня ў судзе Заводскага раёна Мінска. Справу будзе разглядаць суддзя Дзмітрый Астапенка.