Жыхара Брэста, які назваў Лукашэнку «траплом», асудзілі на тры гады калоніі
У Брэсцкім абласным судзе 21 лістапада асудзілі Сяргея Нікіцюка, паведамляюць праваабаронцы. Мужчыну судзілі паводле ч. 1 арт. 368 («Абраза Лукашэнкі»), а таксама паводле ч. 1 арт. 361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

Суддзя Дзмітрый Куроўскі прызначыў Сяргею Нікіцюку тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Дзяржабвінавачанне прадстаўляў пракурор Аляксандр Бацюшка.
Паведамляецца, што мужчына ва «ВКонтакте» пакінуў каментар з аднаго слова «трапло» ў адрас Лукашэнкі. Суд палічыў гэты каментар публічнай абразай.
Таксама мужчына 27 лютага даслаў у тэлеграм-бот рэдакцыі N*XTA фота бюлетэня для галасавання на рэферэндуме аб унясенні змен у Канстытуцыю Беларусі. Абвінавачанне кваліфікавала гэта як садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.
Крымінальны артыкул аб «абразе Лукашэнкі» варта называць «народным», як і 342-ты, паводле якога беларусаў судзяць за ўдзел у пратэстах. Паводле арт. 368 у турмах апынуліся сотні людзей. Нагадаем, у большасці краін такога палажэння ў Канстытуцыі няма наогул.