Хронікі рэпрэсій. У Гомелі чарговы «палітычны» прысуд, у Гродне затрымалі медыка
З дапамогай інфармацыі ад праваабаронцаў сабралі звесткі пра палітычны пераслед беларусаў за 23 кастрычніка.
Суд Цэнтральнага раёна Гомеля асудзіў мясцовых жыхароў
Дзяніса Самкова і Сяргея Алейніка ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК).
Абвінавачанне тычылася падзеяў верасня 2020 года, які адбываліся ў цэнтры
горада.
Судовы працэс вёў суддзя Сяргей Кармановіч.
Па матэрыялах абвінавачання, Дзяніс і Сяргей прыкладна ў
перыяд часу з 13 па 17 гадзін 20 верасня, «знаходзячыся у раёне вуліцы Савецкая і праспекта Перамогі, а
таксама на прылеглай да ўказаных участках мясцовасці тэрыторыі, наўмысна, груба
парушаючы грамадскі парадак і асновы грамадскай бяспекі, загадзя ўсведамляючы
проціпраўнасць сваіх дзеянняў і аказваючы відавочнае непадпарадкаванне законным
патрабаванням прадстаўнікоў улады — супрацоўнікаў АУС, якія знаходзіліся пры
выкананні сваіх службовых паўнамоцтваў, аб забароне выхаду на праезную частку
аўтамабільных дарог вуліцы Савецкая і праспекта Перамогі ў групе з іншымі
асобамі, рухаліся ў бок супрацоўнікаў АУС у «счэпках».
Пры гэтым і Самкоў, і Алейнік нібыта гучна крычалі, выкрыквалі розныя лозунгі, выказвалі заклікі да спынення выканання
супрацоўнікамі АУС сваіх службовых паўнамоцтваў, аказвалі актыўны супраціў
амапаўцам.
Яны ж, жадаючы пазбегнуць затрымання і прыцягнення да
адміністрацыйнай адказнасці паводле арт. 23.34 КаАП [дзейнічаў на той час],
уцякалі ад супрацоўнікаў міліцыі, зноў збіраючыся ў натоўп і «счэпкі».
Пазней у той жа дзень яны былі затрыманыя і прыцягнутыя да
адміністрацыйнай адказнасці.
У судзе Сяргей Алейнік адмовіўся прызнаваць сваю віну
цалкам, Дзяніс Самкоў віну прызнаў у поўным аб’ёме.
Суду Алейнік патлумачыў, што ніякіх з інкрымінаваных яму
дзеянняў не здзяйсняў. Знаходзіўся там, каб мірна выказаць сваё меркаванне і
нязгоду з працэсамі, якія абываліся ў краіне ў звязку з выбарамі Прэзідэнта.
Ішоў з масай людзей у другім ці трэцім «ланцужку», было шумна, людзі
крычалі, пляскалі. Разам з тым шэсце не перашкаджала іншым грамадзянам, якія
не ўдзельнічалі ў масавым мерапрыемстве, ісці па тратуары, праца
арганізацый і ўстаноў не была парушаная. Далей людзі накіраваліся ў бок будынка
цырка, там таксама знаходзіліся супрацоўнікі АМАП. Не жадаючы ім перашкаджаць,
пакінуў «счэпку», абышоў збоку ачапленне, пасля чаго непадалёк ад
будынка цырка быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі.
Суд, які адбыўся яшчэ 8 чэрвеня, прызнаў абодвух гамельчукоў вінаватымі і
празначыў Сяргею Алейніку пазбаўленне волі тэрмінам на адзін год і шэсць
месяцаў, а Дзянісу Самкову — адзін год пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах
агульнага рэжыму.
У Гродне быў затрыманы супрацоўнік хуткай дапамогі Артур
Хлус.
Вядома, што хлопец вучыцца ў ГрДМУ і паралельна працуе на
«хуткай». На «пакаяльным відэа» ён «прызнаецца» ва ўдзеле ў акцыях пратэсту, рэгістрацыі
ў чат-боце плана «Перамога» і закліках да масавых беспарадкаў.
Юрыя Касцюка, вывезенага з Расіі ў Пружаны, пераводзяць у
баранавіцкае СІЗА.
Нагадаем, што Юрый Касцюк адбыў тэрмін за «знявагу дзяржаўных сімвалаў» і 6 студзеня выйшаў на волю. 15 лютага яго затрымалі супрацоўнікі КДБ з нагоды ўдзелу ў тэлеграм-чаце «Волейбол по выходным», які аб’ядноўваў палітвязняў, асуджаных на «хімію». Хлопец з'ехаў у Расію, аднак быў затрыманы ў аэрапорце Сочы. Генпракуратура Расіі вынесла рашэнне аб адмове ў выдачы Юрыя берасцейскім уладам, але ж тыдзень таму яго таемна вывезлі ў Беларусь.