«Інфаказачніцы» Вользе Бондаравай далі па шапцы — яна запісала пакаяльнае відэа
Прарасійская і пралукашэнкаўская актывістка Вольга Бондарава знялася ў незвычайным для сябе жанры — пакаяннага відэа. Яно з'явілася ў яе тэлеграм-канале як «афіцыйная заява».
«Прашу прабачэння ва ўсіх, каго магла пакрыўдзіць неасцярожным словам або неабгрунтаванымі прэтэнзіямі: дэпутатаў, публічных асоб, супрацоўнікаў праваахоўных органаў», — гаворыць на камеру Бондарава, пераказвае «Наша Ніва».
Але пры гэтым Бондарава паабяцала, што «мы працягнем стваральную дзейнасць па абароне дзяцей, барацьбе з нацызмам, фальсіфікацыямі гісторыі, а таксама па асвеце грамадства ў інтарэсах дзяржавы». Што варта разумець як абяцанне працягваць дзейнасць, скіраваную супраць беларушчыны ва ўсіх яе праявах.
З'яўленне гэтага відэа відавочна звязана з тым, што апошнім часам Бондарава, адчуваючы сваю беспакаранасць і нават сілу, бо на яе кляўзы ўладныя органы хутка рэагавалі і рабілі ўсё, што ёй хацелася, перастала адчуваць меру. У выніку пад крытыку адыёзнай актывісткі сталі трапляць нават прапагандысты, чыноўнікі і сілавікі, з якімі ў яе па тых ці іншых прычынах не склаліся адносіны. А яўна перайшла ўсе чырвоныя лініі яна тады, калі пайшла ў атаку на начальніка гродзенскай абласной міліцыі Дзмітрыя Разянкова.
Можна меркаваць, што менавіта аргументы сілавікоў вярнулі Бондараву з неба на зямлю і прымусілі больш крытычна ацаніць сваю ролю і месца.
Нагадаем, Вольга Бондарава 15 чэрвеня апублікавала ў сваім тэлеграм-канале «афіцыйны зварот» да начальніка абласной міліцыі Дзмітрыя Разянкова, у якім абвінаваціла міліцэйскага чыноўніка ў паклёпе і прапанавала сустрэцца асабіста, каб той не распаўсюджваў пра яе «беспадстаўныя чуткі».
Прычынай скандалу сталі «галаслоўныя абвінавачванні», якія, калі верыць Бондаравай, распаўсюджвае ў яе адрас генерал-маёр Разянкоў. Прапагандыстка лічыць, што начальнік абласной міліцыі беспадстаўна абвінаваціў яе «ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і накіраваны на захоп улады сілавым шляхам, а таксама ў працы на замежныя спецслужбы».
«Мне стала вядома пра тое, што вы можаце распаўсюджваць пра мяне неадпаведныя рэчаіснасці звесткі, што нібыта я з'яўляюся «другім Ціханоўскім», абражаю Ю. Х. Караева (экс-міністр унутраных спраў, а цяпер памочнік Лукашэнкі па Гродзенскай вобласці. — Рэд. ) і У. С. Караніка (экс-міністр аховы здароўя, а цяпер старшыня Гродзенскага аблвыканкама. — Рэд.), што праз такіх, як я, адбыўся дзяржаўны пераварот», — напісала ў сваім «афіцыйным звароце» да начальніка УУС Бондарава.
Прапагандыстка таксама пералічыла ўсе свае «заслугі»: яна арганізавала мерапрыемствы ў падтрымку АМАПа ў 2020 годзе, удзельнічала ў праўладных шэсцях, аўтапрабегах, датычная да рэпрэсій у дачыненні да праціўнікаў Лукашэнкі.
Свой ліст яна падпісала так: «Вольга Бондарава, грамадскі дзеяч, грамадзянін Рэспублікі Беларусь, ябацька».