Спыніце жанчыну, гэта кепска для яе скончыцца. Цяпер Бондарава адказная за ідэалогію?

Праўладная актывістка вырашыла адмяніць навагодні спектакль, але тэатр звярнуўся да Лукашэнкі. Цікава, хто больш галоўны?

Фота: Instagram @teatrkaktuss

Фота: Instagram @teatrkaktuss

10 снежня ў Гродзенскім гарадскім Цэнтры культуры адбыўся спектакль “Монстры на навагодніх вакацыях". Акцёры адыгралі 11 прадстаўленняў, наперадзе было яшчэ 18, але пастаноўка не спадабалася праўладнай актывістцы Вользе Бондаравай. Яна абурылася, чаму, напрыклад «замест нашага Дзеда Мароза Санта-Клаўс, а замест Снягуркі нейкая баба з зялёным тварам». У выніку спектакль закрылі, але артысты вырашылі не здавацца і адправілі зварот у адміністрацыю Лукашэнкі. Пра гэта піша «Люстэрка».

Спектакль "Монстры на навагодніх вакацыях" падрыхтаваў узорны тэатр "Зефір” (Тэатральная майстэрня “КАКТУСС"). У пастаноўцы разам з прафесійнымі акцёрамі ўдзельнічалі і дзеці. Некалькі дзён таму на старонцы трупы ў Instagram з'явілася паведамленне, у якім акцёры распавялі, што Міністэрства культуры збіраецца закрыць спектакль.

— Мы сутыкнуліся з актывістамі нашай краіны, якія нават не бачылі наш спектакль, а ўжо посцяць абразлівыя пасты (пішуць, што дзеці прастытуткі), пішуць скаргі ў Міністэрства культуры і Адміністрацыю прэзідэнта, бо наш спектакль зроблены па матывах замежнага мультфільма, — паведамлялі прадстаўнікі тэатра. — У спектаклі падымаецца тэма дабра і зла, талерантнасці, узаемаадносін паміж пакаленнямі!


Аказалася, пастаноўка абурыла праўладную актывістку Вольгу Бондараву.

— Чаму ў мужыка (гаворка, відаць, аб адным з герояў пастаноўкі) вочы абведзеныя чорнымі ценямі? Ён што, адлюстроўвае з сябе труп? Яны ўсё з сябе трупаў малююць? — пералічыла яна пытанні да спектакля ў сваім тэлеграм-канале і здзівілася, чаму гарадзенскія ідэолагі «палец аб палец не ўдарылі, каб загадзя спыніць гэты трэшняк са светлай назвай „Монстры на вакацыях“?»

Сваё абурэнне актывістка збіралася перадаць у «вышэйшую інстанцыю». А пазней пахвалілася, што ў Гродне засядала камісія Міністэрства культуры, якая «прыехала спецыяльна, каб ацаніць спектакль „Монстры на навагодніх вакацыях“». Па словах Бондаравай, пастаноўку ў ведамстве ацанілі негатыўна.

Яна таксама заклікала сваю аўдыторыю надаць "пяць хвілін часу «і напісаць зварот у Міністэрства культуры» з патрабаваннем адмяніць у Гродне і абараніць псіхіку дзяцей". У адказ на гэта акцёры папрасілі гледачоў, якія ўжо паспелі паглядзець спектакль, падтрымаць іх і адправіць у ведамства свае водгукі на іх працу.

Відавочна, гэты заклік не дапамог. Напярэдадні Калядаў Instagram Тэатра паведаміў: спектакль "Монстры на навагодніх вакацыях" зачынілі.

Сябры, наш спектакль закрылі! А ўсё дзякуючы некаторым асобам! Толькі засталося адно пытанне? Чаму закрылі спектакль, а не іх? Чаму яны дазваляюць [сабе] абражаць дзяцей публічна, а дзяржава маўчыць? Міністэрства культуры гэта не хвалюе! Сумна ўсведамляць, што наша дзяржава нам здрадзіла! Міністэрству культуры, мабыць, нявыгадна, каб культура ў Беларусі развівалася, бо і так добра! — эмацыйна адрэагавала трупа на закрыццё пастаноўкі і вырашыла звярнуцца па дапамогу да Аляксандра Лукашэнкі.

У Instagram тэатра з'явіўя адкрыты ліст да Лукашэнкі.

— Супраць нас, дзяцей, разгарнулася паўстанне людзей, якія паклёпнічаюць, абражаюць, а ніхто на гэта не звяртае ўвагу! [ ... ], — напісана ў звароце. — Цяпер мы знаходзімся ў роспачы, і многім спатрэбіцца псіхалагічная дапамога, бо мы і ўявіць сабе не маглі, што дзяржава можа нам здрадзіць. Цяпер мы не ведаем, як далей дапамагчы нашай краіне развіваць культуру ў сучасным свеце.

Акцёры просяць Лукашэнку падтрымаць іх і "даць жыццё спектаклю". Акрамя таго, яны патрабуюць праверыць тэлеграм-канал Вольгі Бондаравай і групу ў viber «беларусы за маральнасць» «на законнасць іх дзейнасці».

Патрабуем абвяржэння абразлівых артыкулаў, а таксама публічных выбачэнняў за абразы на наш адрас, — напісана ў звароце.

Дададзім толькі, што інтэрнэт, як кажуць, памятае ўсё, а Бондарава за апошнія гады пакінула там след не на адзін крымінальны артыкул. Пачакаем…