«Крэмль пакутуе на фантомныя болі, хоць у Расіі ўжо няма пораху быць сусветнай дзяржавай»

Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі падводзіць вынікі 2022 года ў «Салідарнасці» і кажа пра год працягу драмы, натхняльныя прыклады i жалезнага чалавека.

klaskouski_45.jpg


— Гэта быў год працягу беларускай драмы, — зазначае эксперт. — Вялікая частка грамадства перарасла рэжым, хоча перамен, але гэтае імкненне жорстка здушваецца.

Пры гэтым грамадства — шматслойнае, палярызаванае. Што варта ўлічваць і апазіцыйным стратэгам, каб пазбягаць схаластычных схем. І пераадоленне ўнутрыбеларускага расколу будзе складанай задачай на перспектыву.

Самы важны глабальны сюжэт года для нашай краіны — вайна ва Украіне. Рэжым стаў саўдзельнікам агрэсіі, што кепска адбілася на іміджы Беларусі і беларусаў. Прычым, на жаль, менавіта тыя, хто і так пацярпеў ад улад, мусіў з’ехаць з краіны, у многіх выпадках сутыкнуліся з дыскрымінацыяй, праблемамі легалізацыі за мяжой — у дзяржавах Еўрасаюза, Украіне.

Увогуле Кіеву, Еўропе, Вашынгтону, на мой погляд, варта лепей думаць над палітыкай у беларускім пытанні, шукаць болей гнуткія падыходы. У прыватнасці, мець на ўвазе небяспеку магчымай страты Беларуссю незалежнасці.

Варта адзначыць, што нават ва ўмовах тэрору беларусы выйшлі на пратэсты супраць вайны ў дзень так званага рэферэндуму, ладзілі супраціў ёй у іншых формах.

Лукашэнка ж саўдзелам у агрэсіі падвысіў рызыкі для сябе і сваёй сістэмы. Яе лёс шмат у чым будзе залежаць ад ходу і вынікаў гэтай вайны.


— Ці было ў 2020-м штосьці, што вас натхніла?

— Мяркую, многіх беларусаў узрушыла і натхніла тое, што Алесь Бяляцкі атрымаў Нобелеўскую прэмію.

Украінцы ўразілі ўвесь свет моцай духу, гераізмам, адбіваючы маскоўскую навалу. Хоць многія нават з ліку сімпатызантаў Украіны напачатку думалі, што гэту агрэсію не спыніць, сілы занадта няроўныя, і вайна насамрэч скончыцца за некалькі дзён. Стаяць за сваё да апошняга — вось украінскі ўрок.

Украінцы за кароткі гістарычны тэрмін змаглі пабудаваць даволі эфектыўную дзяржаву на грунце дэмакратыі (хай сабе і недасканалай), узняць нацыянальны дух, што таксама выглядае натхняльным прыкладам для беларусаў.

— Каго, на вашу думку, можна назваць персонай года?

— Таго ж Бяляцкага. Сёлета ён быў ужо за кратамі, але яго справа не заглухла, праваабаронцы працягвалі дзейнічаць. І Нобель для свядомага беларуса — гэта гістарычная падзея.

З замежнікаў я б назваў Зяленскага. Ён паказаў сябе жалезным чалавекам. Калі напачатку Лукашэнка ставіўся да яго звысоку, то потым, адчувалася, пачаў зайздросціць ягонаму рэйтынгу.

— А што было самым моцным расчараваннем?

— Аналітыку патрэбны цвярозы погляд на падзеі і людзей. Стараюся не зачароўвацца, каб потым не расчароўвацца.

Вядомыя палітычныя персанажы былі збольшага ў сваім рэпертуары. Хіба што калі казаць пра Пуціна, то многім да 24 лютага здавалася, што ён проста страшыць нападам. Аказалася, што гаспадар Крамля ў большай ступені адарваны ад рэальнасці, авантурны, чым шмат хто думаў. Але ці можна назваць гэта расчараваннем?

Па вялікім рахунку, Пуцін дзейнічае цалкам у рэчышчы імперскага мыслення. Крэмль пакутуе на фантомныя болі, марыць пра рэванш, хоць у Расіі ўжо відавочна няма пораху быць сусветнай дзяржавай.

Што ж да Лукашэнкі, то ён прадказальна працягваў ахвяраваць кавалкамі суверэнітэту дзеля захавання свайго крэсла. І разаў з тым не пакідаў надзей праскочыць між кропелькамі.

— Чалавек такая істота — да ўсяго прывыкае, але спадзяецца на лепшае. І мы таксама. Чаго хацелася б пажадаць сабе, беларусам і свету ў наступным годзе?

— Просяцца банальныя словы пра кардынальныя змены, новую Беларусь. Але шлях да яе можа аказацца даволі доўгім.

Таму і сабе, і іншым зычу цвёрдасці, упартасці, бадзёрасці духу насуперак абставінам. Хай усе будуць здаровыя. Хай дабро перамагае зло. Хоць па вялікім рахунку, гэта вечнае змаганне, у тым ліку і са сваімі ўнутранымі дэманамі.