Прапагандыстка Бондарава пакрыўдзілася на міліцэйскага кіраўніка: хто будзе выбачацца?

У Гродне прапагандыстка Вольга Бондарава пакрыўдзілася на тое, што кіраўнік УУС нібыта назваў яе «другім Ціханоўскім», ды спрабуе абвінаваціць «у арганізацыі дзеянняў, накіраваных на захоп улады сілавым шляхам».

marsz_adzinstva_6__9__log__logo.jpg

Гродзенская прапагандыстка Вольга Бондарава 15 чэрвеня апублікавала ў сваім тэлеграм-канале «афіцыйны зварот» да начальніка абласной міліцыі Дзмітрыя Разянкова, піша «Люстэрка».

У сваім лісце Бондарава абвінаваціла міліцэйскага чыноўніка ў паклёпе і прапанавала сустрэцца асабіста, каб той не распаўсюджваў пра яе «беспадстаўныя чуткі».

Прычынай скандалу сталі «галаслоўныя абвінавачванні», якія, калі верыць Бондаравай, распаўсюджвае ў яе адрас генерал-маёр Разянкоў.

Прапагандыстка лічыць, што начальнік абласной міліцыі беспадстаўна абвінаваціў яе «ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і накіраваны на захоп улады сілавым шляхам, а таксама ў працы на замежныя спецслужбы».



«Мне стала вядома пра тое, што вы можаце распаўсюджваць пра мяне неадпаведныя рэчаіснасці звесткі, што нібыта я з'яўляюся «другім Ціханоўскім», абражаю Ю. Х. Караева (экс-міністр унутраных спраў, а цяпер памочнік Лукашэнкі па Гродзенскай вобласці. — Рэд. ) і У. С. Караніка (экс-міністр аховы здароўя, а цяпер старшыня Гродзенскага аблвыканкама. — Рэд.), што праз такіх, як я, адбыўся дзяржаўны пераварот», — напісала ў сваім «афіцыйным звароце» да начальніка УУС Бондарава.

Прапагандыстка ўдакладніла, што пра гэта ёй стала вядома ад чалавека, які пабываў у Разянкова на прыёме і «меў няшчасце» асабіста з ім пагутарыць і паслухаць, як ён «умее крычаць на наведвальнікаў, карыстаючыся становішчам гаспадара займанага кабінета».

Бондарава адзначыла, што «адчувае іспанскі сорам за такія паводзіны беларускага афіцэра вышэйшага рангу», і запатрабавала выставіць ёй «афіцыйныя абвінавачванні», калі ў міліцыі ёсць да яе прэтэнзіі.


Прапагандыстка таксама пералічыла ўсе свае «заслугі»: яна арганізавала мерапрыемствы ў падтрымку АМАПа ў 2020 годзе, удзельнічала ў праўладных шэсцях, аўтапрабегах, датычная да рэпрэсій у дачыненні да праціўнікаў Лукашэнкі.

У канцы свайго звароту Бондарава прапанавала Разянкову сустрэцца, каб «расставіць усе кропкі над «і» і  больш не вяртацца да гэтага пытання».

Свой ліст яна падпісала так: «Вольга Бондарава, грамадскі дзеяч, грамадзянін Рэспублікі Беларусь, ябацька».

Як пісаў «НЧ», прарасійскія блогеры ў лютым гэтага года спрабавалі змагацца з «дэпутатам» Марзалюком, а той бараніўся ды скардзіўся на іх генпракурору. Так, прэс-служба Палаты прадстаўнікоў паведамляла: «Ігар Марзалюк звярнуў увагу генеральнага пракурора на актыўнасць у сацыяльных сетках групы «блогераў-псеўдапатрыётаў», што публікуюць матэрыялы, якія адлюстроўваюць негатыўнае стаўленне да беларускай дзяржавы, культуры і мовы, і папрасіў органы пракуратуры даць прававую ацэнку такой дзейнасці».

Зрэшты, нават год таму мясцовыя ўлады ўсё менш увагі звярталі на дзейнасць Вольгі Бондаравай.