Ідэолагі знайшлі палітычную рэкламу на таварах у краме «Адметнасць»
Гродзенская крама сувеніраў і адзення ў нацыянальным стылі «Адметнасць» атрымала прадпісанне з аддзела ідэалогіі Гродзенскага гарвыканкама. У ім сказана, што на таварах размешчана палітычная рэклама з парушэннем «Закона аб рэкламе», піша hrodna.life.
![Крама «Адметнасць», жнівень 2020 года Крама «Адметнасць», жнівень 2020 года](/img/v1/images/6a017f0d_601b_44b0_8d6b_ea4ab0610dd5_w1023_r1_s_1.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Крама «Адметнасць», жнівень 2020 года
«Так, на прапанаваных да продажу прадметах адзення і сувенірнай прадукцыі змяшчаецца інфармацыя, якая парушае палітычныя і іншыя перакананні грамадзян», — сказана ў дакуменце.Парушэнне выявілі ў час маніторынгу 21 красавіка на прадмет выканання заканадаўства, удакладняюць у прадпісанні. «Аказваецца, у нас быў маніторынг!» — абураецца супрацоўніца крамы Вольга Верамеенка.
Аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі гарвыканкама адзначае парушэнне арт. 26 п. 3 «Закона аб рэкламе« («неналежная рэклама»). За парушэнне для індывідуальнага прадпрымальніка прадугледжаны штраф ад 10 да 20 базавых велічынь (ад 290 да 580 рублёў). Упраўленне гандлю і паслуг гарвыканкама загадвае ліквідаваць парушэнне ў трохдзённы тэрмін. Таксама цягам сямі дзён трэба пісьмова інфармаваць аддзел ідэалогіі аб прынятых мерах.
У краме распавялі, што пакуль не разумеюць, што рабіць. У дакуменце не тлумачаць, пра якую менавіта інфармацыю і на якіх прадметах ідзе гаворка. Уласнік крамы Сяргей Верамеенка збіраецца раіцца з юрыстамі.
Датэлефанавацца ў аддзел ідэалагічнай працы гарвыканкама і атрымаць там каментар Hrodna.life не ўдалося.
Другая прэтэнзія за тыдзень
21 красавіка «Адметнасць» атрымала запыт ад упраўлення гандлю гарвыканкама на прадастаўленне інфармацыі ў сувязі з атрыманымі скаргамі. Скаргі на продаж бел-чырвона-белай сімволікі гарадскія ўлады атрымалі ад Аляксандра Кавалёва з вёскі Бігосава Верхнедзвінскага раёна (Віцебская вобласць). Ён назваў бела-чырвона-белы сцяг «пранацысцка-пратэстным».
Аляксандр Кавалёў за апошні час напісаў пяць розных скарг на бел-чырвона-белую сімволіку, прычым сярод іх ёсць скарга на заўзятара маскоўскага «Спартака». Шмат зваротаў прысвечаны сэнсу і паходжанню лозунга «Жыве Беларусь!». Таксама ён аўтар петыцыі на change.org з просьбай аб імпічменце Аляксандру Лукашэнку і ўсталяванні ў Беларусі парламенцкай рэспублікі. Кавалёў склаў электронны зварот у Палату прадстаўнікоў аб адмене тэхагляду, піша «Еўрарадыё».
![У гродзенскую краму прыйшла скарга на «акупацыйную бел-чырвона-белую сімволіку» У гродзенскую краму прыйшла скарга на «акупацыйную бел-чырвона-белую сімволіку»](/img/v1/images/6a017f0d_601b_44b0_8d6b_ea4ab0610dd5_w1023_r1_s.webp?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Крама «Адметнасць» працуе ў цэнтры Гродна з 2018 года. Яна спецыялізуецца на продажы сувеніраў з гістарычнай нацыянальнай беларускай сімволікай, адзення з арнаментам, рэчаў ручной працы. За апошні год многія падобныя крамы ў Беларусі зачынілі ў сувязі з рознымі прычынамі з боку ўлад.