У гродзенскую краму прыйшла скарга на «акупацыйную бел-чырвона-белую сімволіку»

У гродзенскую краму «Адметнасць», якая гандлюе таварамі з беларускай сімволікай, прыйшоў ліст пра «акупацыйную бел-чырвона-белую сімволіку» і «пранацысцка-пратэставыя бел-чырвона-белыя сцягі», перадае «Радыё Свабода».

Крама «Адметнасць», жнівень 2020 года

Крама «Адметнасць», жнівень 2020 года

Электронны зварот напісаў жыхар вёскі Бігосава Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці А. Кавалёў. Ён пацікавіўся, чаму ў краме прадаюцца, як ён сфармуляваў, «акупацыйная бел-чырвона-белая сімволіка» і «пранацысцка-пратэставыя бел-чырвона-белыя сцягі».
На гэты зварот адрэагавала Упраўленне гандлю гарвыканкама і даслала ў краму свой запыт.

15fcf01a_af06_494d_9285_f72c1515c782_w650_r0_s.webp


Гаспадыня крамы «Адметнасць» Вольга Верамеенка пракаментавала, што яна лічыць гэты зварот псіхалагічным ціскам на ўласнікаў крамы.
«Гэта такі від маральнага ціску за тое, што крама беларускай накіраванасці, за тое, што не маўчым, за тое, што, як і большасць беларусаў, не згодныя з тым, што цяпер адбываецца ў нашай краіне», — мяркуе Верамеенка.
Яна выказала здзіўленне тым, што скаргу напісаў жыхар вёскі Бігосава Віцебскай вобласці:
«Як ён даведаўся пра краму? Я думаю, што гэта, хутчэй за ўсё, штукі мясцовых так званых „актывістаў“».
Верамеенка расказала, што яны будуць рыхтаваць грунтоўны адказ, падмацаваны дакументамі, пра азначэнні бел-чырвона-белых сцягоў і іншай сімволікі.
«Наконт „акупацыйнай бел-чырвона-белай сімволікі“ і „пранацысцка-пратэставых бел-чырвона-белых сцягоў“ я б паспрачалася. Гэта нічога нідзе не забаронена, усё галаслоўна. Нават Лукашэнка прымаў прысягу пад бел-чырвона-белым сцягам», — патлумачыла гаспадыня крамы.
Як удакладняе «Белсат», грамадзянін А. Г. Кавалёў з вёскі Бігосава Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці, які даслаў скаргу ў гарвыканкам, — тая ж асоба, якая звярталася ў расійскую паліцыю з просьбай пакараць беларусаў Санкт-Пецярбурга, якія выходзілі на акцыі з БЧБ-сцягамі.