Як 2017-ы год уяўлялі ў СССР
Касмічныя палёты на Альфа Цэнтаўру, міжкантынентальныя ядравыя цягнікі і знішчэнне апошніх імперыялістаў — 2017 год у савецкім дыяфільме не мае нічога супольнага з нашымі днямі.

Напярэдадні Новага года ў інтэрнэт трапіў адсканаваны савецкі дыяфільм «У 2017-м годзе», створаны ў 1960-м. Наш год савецкія фантасты абралі невыпадкова: 60 гадоў таму СССР меў планы адзначыць сёлета стагоддзе Кастрычніцкай рэвалюцыі — «Вялікага Акцябра».

Да гэтага часу савецкія шахцёры павінныя былі здабываць вугаль у Антарктыдзе, а паміж Азіяй і Амерыкай павінныя былі курсаваць міжкантынентальныя ядравыя цягнікі.
Ядравая энергія павінная была стаць чымсьці штодзённым: яна выкарыстоўваецца ў дарожным будаўніцтве (ядравыя выбухі зразаюць вяршыні пагоркаў, якія перашкаджаюць пракладцы трасаў) і змяняе плыні сібірскіх рэк.

Натуральная справа ў 2017-м, паводле аўтараў дыяфільму, — касмічныя падарожжы: у бок Альфа Цэнтаўры нясуцца фатонавыя ракеты.

Аўтары распавядаюць дзецям пра высокія тэхналогіі ў 2017-м: будзільнікі, з якіх высоўваецца пластыкавая рука, якая шчоўкае соняў па носе, і сняданкі «паводле мамінага рэцэпту», якія робяць аўтаматычныя камбайны.

Агульнаму шчасцю перашкаджаюць толькі «недабітыя імперыялісты», якія схаваліся на далёкай выспе ў Ціхім акіяне. Аднак гэтая праблема хутка вырашылася: пры выпрабаванні забароненай мезазоннай зброі адбыўся выбух, якія знішчыў выспу і «выклікаў пературбацыі ў атмасферы планеты».

У 2017-м цалкам падпарадкавацца чалавеку павінная была стыхія. У дыяфільме апавядаецца пра лятучую станцыю кіравання надворʼем: чалавек націскае на кнопку — і машына ляціць утаймаваць буру або знішчыць шторм.

Аўтары не прадбачаць галоўнага вынаходніцтва другой паловы XX-га стагоддзя: згодна з фільмам, у 2017-м інфармацыя ўсцяж распаўсюджваецца праз свежыя папяровыя газеты.

Аўтары роліку не ўгадалі практычна нічога. Затое не памыліліся ў дачыненні да 2017-га савецкія фантасты браты Стругацкія — яны яго проста не апісвалі.
Паводле belsat.eu